Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі праспэкт у Кіеве перайменавалі ў Літоўскі, а былой вуліцы Маскоўскай далі імя князёў Астроскіх


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Антываенны пратэст ва Ўкраіне
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Антываенны пратэст ва Ўкраіне

Кіеўская рада на пасяджэньні 8 верасьня зьмяніла назвы яшчэ 38 вуліц і 2 плошчаў у сталіцы Ўкраіны.

Ёсьць у пераліку і вуліца, зьвязаная зь Беларусьсю: Менскі праспэкт зьмяніў назву на Літоўскі праспэкт.

8 верасьня стала вядома, што Кіеўская рада перайменавала вуліцу Маскоўскую ў вуліцу Князя Астроскага, а вуліцу Валгаградзкую — у вуліцу Рамана Ратушнага, у памяць актывіста, які пайшоў абараняць Украіну на пачатку маштабнага расейскага ўварваньня і загінуў на ўсходзе краіны ў чэрвені. Агулам 8 верасьня былі перайменаваныя каля 40 вуліц, завулкаў і плошчаў сталіцы, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і савецкім мінулым.

З пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну актывізавалася дэрусыфікацыя і дэкамунізацыя ўкраінскай інфармацыйнай і культурнай прасторы. Зносяць помнікі расейскім палітыкам і дзеячам культуры, мяняюць тапонімы, зьвязаныя з Расеяй, расейскамоўныя ўкраінцы пераходзяць на ўкраінскую мову.

Пад перайменаваньне падпалі і назвы, якія маюць беларускае паходжаньне, бо ўлады Беларусі падтрымалі расейскую агрэсію.

У красавіку ў Кіеве прапанавалі перайменаваць 279 аб’ектаў, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю.

У чэрвені Кіеўская гарадзкая рада абнародавала вынікі галасаваньня аб перайменаваньні вуліц Кіева, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю.

Таксама, апроч перайменаваньня Менскага праспэкту, за перайменаваньне вуліцы Герояў Берасьця ў вуліцу Чарнабаеўскую прагаласавалі 12 000 грамадзян, а вуліцы Дзьвінскай на Днестарскую — 12 264. У той жа час у Кіеве зьявяцца і новыя вуліцы, назвы якіх сьведчаць пра супольную беларуска-ўкраінскую гісторыю.

Так, кіяўляне падтрымалі перайменаваньне адразу дзьвюх вуліц у гонар лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага — Астраханскай і Берасьцейскай. 9 жніўня ва ўкраінскім Роўне зьявілася вуліца імя Кастуся Каліноўскага.

Згодна з вынікамі галасаваньня, вуліца Новамічурынская будзе называцца ў гонар Гедзімінавічаў — нашчадкаў князя Гедзіміна, дынастыі князёў Вялікага Княства Літоўскага. А вуліцу Дабралюбава, паводле галасаваньня, цяпер трэба перайменаваць у гонар беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.

У кіеўскай тапаніміцы яшчэ застаецца шэраг іншых беларускіх назваў, такіх як вуліца Гомельская, вуліца Якуба Коласа, Сьветлагорская і Добруская вуліцы, Горадзенская вуліца і Горадзенскі завулак, вуліца Слаўгарадзкая.

А вось станцыі мэтро «Берасьцейская» і «Менская» згодна з вынікамі галасаваньня пераймянуюць у «Бучанскую» і «Варшаўскую».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG