Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуску не пусьцілі да маці ва Ўкраіну. На мяжы ў яе здарыўся эпілептычны прыпадак


Жанчына вярталася ў Кіеў зь Нямеччыны. Ва Ўкраіне ў яе жыве мама. Сама Ганна мае дазвол на жыхарства, але гэтага аказалася мала.

«У мяне ва Ўкраіне дзевяць гадоў жыве мама, — кажа Ганна. — Яна пераехала ў Кіеў, выйшла там замуж».

Сама Ганна пераехала ў Кіеў у жніўні 2020 году. Кажа, для яе важна было паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, хадзіла яна і на наступныя маршы пратэсту. Ва Ўкраіну ехала з заплечнікам — проста ўбачыцца з маці, на пару тыдняў.

«Мама мяне адгаворвала вяртацца. Вырашылі пачакаць яшчэ крыху. Празь нейкі час стала зразумела, што сытуацыя ў Беларусі зацягнецца, таму прынялі рашэньне застацца ва Ўкраіне», — кажа Ганна.

За гэтыя два гады яна сустрэла ў Кіеве сваё каханьне, узяла шлюб. Муж — грамадзянін Украіны. І ў цэлым Украіна стала амаль роднай краінай, бо там жылі і бацькі мужа, і Ганьніна мама з айчымам, а таксама шмат сяброў і знаёмых. За два гады Ганна ніводнага разу не выяжджала за межы Ўкраіны.

«Сядзелі ў падвале, у двары стаяла расейская тэхніка»

Калі ў лютым 2022 году пачалася поўнамаштабная вайна, то сям’я Ганны спачатку выехала на лецішча пад Кіеў, якое знаходзіцца ў чарнігаўскім кірунку, а потым адправіліся ў Чарнавецкую вобласьць, на самы захад Украіны, дзе і прабыла тры месяцы.

Бацькі мужа тры тыдні былі пад расейскай акупацыяй у вёсцы каля Ірпяня. За гэты час сувязі зь імі амаль не было, толькі зрэдку яны маглі даслаць SMS, што зь імі ўсё добра.

«Гэта быў жахлівы час, — гаворыць Ганна. — Яны сядзелі ў падвале ў суседзяў, у двары стаяла расейская тэхніка. Дом суседзяў цалкам зьнішчыла ад удару снараду. Праз тры тыдні бацькі мужа змаглі выйсьці па „зялёным калідоры“ і адразу паехалі да нас пад Чарнаўцы».

У канцы траўня сям’я прыняла рашэньне вяртацца ў Кіеў. І акурат у гэты час у мужа Ганны здарыліся праблемы са здароўем. Яму была патрэбна апэрацыя на лёгкіх.

«Спачатку мінімальную мэдыцынскую дапамогу аказалі ў суседнім райцэнтры, але мужу не станавілася лепш, мы знайшлі нейкага таксіста, які адвёз нас у Чарнаўцы. Там рабілі вельмі сур’ёзную апэрацыю, разразалі грудную клетку, раскрывалі рэбры і адразалі частку лёгкага».

У выніку гэтага Гоша, муж Ганны, атрымаў ад ваенкамату часовую даведку, якая на два месяцы дазваляла яму выехаць з краіны. Пара вырашыла за гэты час паспрабаваць аформіць дакумэнты для легалізацыі ў Эўропе, у пачатку ліпеня яны паехалі ў Нямеччыну. Калі бюракратычныя моманты былі вырашаныя, то яны вырашылі вяртацца назад ва Ўкраіну, дзе і плянавалі жыць далей.

У Кіеве пара плянавала падоўжыць дазвол на выезд ад ваенкамату для мужа, а таксама падаць дакумэнты на сталы дазвол на жыхарства для Ганны. Усё гэта яны хацелі зрабіць цалкам легальна і ў патрэбныя тэрміны.

«Я хацела жыць у Кіеве: у нас там мама, сваякі, самы любімы ў сьвеце папугай. Яшчэ так балюча, бо мама зьбіралася сустракаць нас ранкам на вакзале з папугаем», — кажа Ганна.

«Пыталі, навошта еду, колькі ў мяне грошай»

Вечарам 30 жніўня яны цягніком з Польшчы ўяжджалі на тэрыторыю Ўкраіны. Да ўласьнікаў беларускага пашпарта на мяжы асаблівая ўвага. Аднак жанчына-памежніца сказала, што ўсе дакумэнты ў парадку, ня трэба хвалявацца.

«Прайшоў начальнік зьмены Ігар К., мы зь ім пайшлі ў асобны кабінэт. Там нікога, апроч нас, не было. Усё запісвалася на відэакамэру. Пачаў задаваць пытаньні: дзе я жыву ва Ўкраіне, навошта еду, колькі ў мяне грошай, ці ёсьць маёмасьць у мужа, ці была я ва Ўкраіне. Заходзіла жанчына-памежніца, сказала: „Што ты робіш, у яе ўсё ў парадку з дакумэнтамі“. „Гэта ня мае значэньня“, — адказаў мужчына. Пасьля гэтага ён на камэру зачытаў, што мне адмоўлена ва ўезьдзе з прычыны „браку фінансаў“, хаця ў мяне на картцы было 3 тысячы даляраў», — расказвае Ганна.

Дзяўчына кажа, што ня памятае канкрэтнага моманту, але літаральна празь імгненьне ў яе пачаўся прыпадак эпілепсіі. Гэта ўсё таксама зафіксавана на камэры. Тады ў кабінэт зьбеглася шмат людзей, у тым ліку муж Ганны.

«Эпілепсія ў мяне з 14 гадоў, хранічная. Але ва Ўкраіне я знайшла доктара, які прапісаў мне іншыя лекі. Гэта быў складаны працэс, але ад верасьня 2020 году ў мяне не было прыступаў. Начальнік зьмены крычаў на мужа, каб ён падпісаў дакумэнты, што мне адмоўлена ва ўезьдзе, Гоша казаў: „Пачакайце, ёй кепска“. На гэта Ігар К. абяцаў выклікаць панятых. „Хуткую“ выклікаць нам адмовіліся», — расказвае Ганна.

У выніку муж Ганны забраў зь цягніка рэчы, яны выйшлі з памяшканьня. Па словах жанчыны, самі памежнікі падыходзілі да іх і казалі, куды можна паскардзіцца на незаконныя дзеяньні на мяжы. Неўзабаве Ганну і Гошу пасадзілі на аўтамабіль і адвезьлі да польскай мяжы.

«Муж цягнуў вялізны чамадан, два заплечнікі, а таксама мяне пасьля прыступу, і гэта пасьля нядаўняй апэрацыі, яму ўвогуле цяжары нельга падымаць. Цяпер я кансультуюся зь юрыстамі, што можна зрабіць у такой сытуацыі. Прычына — брак сродкаў — проста сьмешная. Муж пытаўся, якая сума патрэбна, каб уехаць, але на гэта нам нічога не адказвалі».

Свабода зьвярнулася ў Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны па камэнтар што да гэтай сытуацыі, але адказу пакуль што так і не атрымала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG