Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт у кібэрбясьпецы дасьледаваў, чаму беларусы ня могуць запісацца на візы. У МЗС Польшчы адрэагавалі


Візавы цэнтар Польшчы. Ілюстрацыйнае фота
Візавы цэнтар Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Гісторыю «блякаваньня» тэрмінаў на падачу дакумэнтаў на польскую візу і дзейнасьць «візавых пасярэднікаў» апісаў партал INNpoland.pl.

Лекар зь Беларусі ўжо некалькі месяцаў ня можа запісацца на размову ў консульстве, усе даты зарэзэрваваныя. Калі б ён заплаціў пасрэдніку 170 эўра, ён, магчыма, змог бы гэта зрабіць, піша INNpoland.pl. Партал называе праблемы з рэгістрацыяй «паталёгіяй візавай сыстэмы ў Беларусі», пра якую ведае МЗС Польшчы.

INNpoland.pl паразмаўляў з экспэртам у кібэрбясьпецы Ўладзімежам, які ў мінулым працаваў у паліцыі.

«Пачалося з таго, што я напісаў заяву аб патрэбе ў працы іншаземца для свайго сябра з Гомля. Я даслаў яму гэтую заяву. З таго часу я атрымліваю ад яго паведамленьні: „Влодэк, паслухай, я не магу зарэгістравацца“. Ён лекар, ён нічога ня ведае пра інтэрнэт. Спачатку я не зьвярнуў на гэта ўвагі. Але потым гэта пачало паўтарацца другі, трэці і чацьвёрты месяц запар», — расказаў Уладзімеж.

Дэклярацыя аб даручэньні працы іншаземцу неабходна беларусам, якія жадаюць уладкавацца на працу ў Польшчу, для атрыманьня візы.

Запісацца на прыём у візавы цэнтар у Менску, Горадні ці Берасьці можна праз сайт фірмы VFS. Зарэгістравацца можна толькі раз на тыдзень, у сераду. У гэты дзень сайт «не адказвае», піша выданьне.

«Праблема ў тым, што старонка VFS не патрабуе падаваньня падрабязнай інфармацыі. Акрамя таго, яна не правяраецца. Напрыклад, сёньня нейкі спадар Іван Іваноў уводзіць фіктыўны нумар пашпарта — і дата зарэзэрваваная. Гэтага ніхто не правярае, — кажа экспэрт у кібэрбясьпецы. — VFS зьяўляецца субпадрадчыкам консульстваў. Гэта індыйская кампанія, заснавальнікамі зьяўляюцца індусы, якія абслугоўваюць консульствы ў розных краінах. Ім спадарожнічае вельмі дрэнная рэпутацыя. Яны падыходзяць да справы непрафэсійна».

Як сьцьвярджае Уладзімеж, уся практыка, пэўна, заснаваная на тым, што іх ІТ-спэцыялісты спачатку блякуюць усе даты на сайце, а затым прадаюць гэтыя даты прыкладна па 450 рублёў на чалавека.

«Выкарыстоўваючы адпаведныя скрыпты, можна зарэзэрваваць усе вольныя даты», — кажа Ўладзімеж.

Запісацца на прыём без удзелу «пасярэднікаў» практычна немагчыма, адзначае INNpoland.pl. Нягледзячы на тое, што беларусы пішуць на розных форумах аб «рабаваньні», яны працягваюць карыстаюцца паслугамі «пасярэднікаў».

МЗС Польшчы: «Ня маем да гэтага ніякага дачыненьня»

Уладзімеж патэлефанаваў у консульства Польшчы ў Беларусі, каб паведаміць аб праблемах з рэгістрацыяй.

«Да консула я не прабіраўся, проста размаўляў зь беларускай, якая нядрэнна размаўляла па-польску. Яна сьцьвярджала, што ўсё працуе так, як трэба. „Не стварайце там праблем, усё выдатна працуе“, — пачуў я ў слухаўцы».

«Мы ня маем ніякага дачыненьня да таго, што нехта прадае вокны», — працытаваў Уладзімеж супрацоўніцу консульства.

Партал зьвярнуўся ў польскае МЗС і запытаў, што яму вядома аб практыцы продажу «тэрмінаў».

Як адзначае выданьне, міністэрства пацьвердзіла існаваньне праблемы. Адказы МЗС, паводле INNpoland.pl, таксама паказваюць, што на гэты момант мала што можна зрабіць. Дзейнасьць у візавым пасрэдніцтве (запаўненьне дакумэнтаў, дапамога ў рэгістрацыі для падачы заявы) не разглядаецца беларускімі праваахоўнымі органамі як забароненае дзеяньне.

Адказ для INNPoland ад Міністэрства замежных спраў Польшчы:

«Ёсьць аб’ектыўныя вонкавыя абставіны, якія ўзмацняюць візавы прэсінг з боку заяўнікаў, што выліваецца ў дзейнасьць т. зв. пасярэднікаў. Да гэтых фактараў адносяцца абмежаваньні на колькасьць візаў, якія выдаюцца іншымі краінамі Шэнгенскага пагадненьня, прыпыненьне авіязносін, што прыводзіць да павелічэньня попыту на візы, якія выдаюцца Польшчай для мэтаў уезду на тэрыторыю Рэспублікі Польшча, бягучая палітыка беларускага ўраду і, такім чынам, гатоўнасьць міграваць у Польшчу і іншыя краіны.

Скарачэньне польскай консульскай прысутнасьці ў Беларусі па рашэньні ўладаў дзяржавы, якая прымае, таксама істотна ўплывае на бягучую сытуацыю і ўказаныя Вамі цяжкасьці. Рыхтуецца зусім новае ІТ-асяродзьдзе, якое выключае любы ўплыў пасярэднікаў на сыстэму рэгістрацыі. — Рашэньні, якія мы распрацоўваем, павінны быць рэалізаваны ў наступныя тыдні», — заявілі ў МЗС у адказ INNPoland.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG