Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 верасьня: экс-супрацоўніка КДБ асудзілі на 16 гадоў калёніі за падпалы «BelToll»; новы вырак у «справе Зельцара»


Ільля Трубін
Ільля Трубін

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У судзе Барысаўскага раёну вынесьлі прысуд мясцоваму жыхару Ільлю Трубіну, паведамляе ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by.

Яго абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 289 — акт тэрарызму; ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму, зьдзейсьнены паўторна;
  • ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 295−1 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў.

Паводле сьледзтва, 34-гадовы жыхар Барысава ўчыніў падпалы двух парталаў сыстэмы збору платы за праезд па дарогах «BelToll» у Барысаўскім раёне.

Пра затрыманьне Трубіна стала вядома летась у жніўні. Да суду яго зьмясьцілі пад варту. Нанесеная Трубіным шкода папярэдне склала 450 тысяч рублёў, паведамляў СК.

У сваёй матывацыі абвінавачаны, як заяўляла сьледзтва, кіраваўся заклікамі розных інтэрнэт-рэсурсаў аб нанясеньні шкоды інфраструктуры.

Ільля Трубін — былы супрацоўнік КДБ, мае дваіх дзяцей.

На першым судовым пасяджэньні паводле прапановы абвінавачаньня працэс над ім зрабілі закрытым.

Нядаўна стала вядома, што судзьдзя Дзьмітры Крывела пакараў Трубіна 16 гадамі зьняволеньня.

Раней абвінавачанага ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Палітзьняволенага айцішніка пакаралі 3 гадамі калёніі за перадачу фота вайсковай тэхнікі ў «Беларускі Гаюн»

У Гомельскім абласным судзе на 3 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 31-гадовага палітзьняволенага digital-мастака Віктара Кулінку.

За перадачу ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» фота калёны вайсковай тэхнікі расейскіх войскаў, якая рухалася ў бок Гомля пасьля пачатку вайны, яго абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу.

Справу супраць палітвязьня разглядала судзьдзя Ірына Ўладыка, паведамляе «Вясна».

Віктара затрымалі 30 сакавіка, пасьля чаго сілавікі запісалі зь ім «пакаяльнае» відэа.

3 гады калёніі за камэнтары ў «справе Зельцара»

У Гомельскім абласным судзе вынесьлі прысуд Паўлу Ганчарыку. Яго абвінавацілі ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368).

Справу разглядала судзьдзя Людміла Грынько.

Падставай для крымінальнага перасьледу сталі камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

За гэта Ганчарыку прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму.

За паведамленьні ў тэлеграм-чатах пасьля пачатку вайны гамельчука асудзілі на 6,5 года калёніі

У Гомельскім абласным судзе на 6,5 года калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі Ільлю Верамеева. Паводле «Вясны», за паведамленьні ў тэлеграм-чатах у лютым гэтага году яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 293 (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).

Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, Верамееў у лютым 2022 году ў адным з групавых чатаў Telegram нібыта «разьмясьціў у вольным доступе паведамленьні, якія зьмяшчаюць выказваньні-заклікі да гвалтоўных дзеяньняў, зьдзяйсьненьня пагромаў, падпалаў, зьнішчэньня маёмасьці, прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі».

Меркавана, такія паведамленьні ў групавым чаце сталі рэакцыяй на распачатую Ўзброенымі сіламі Расеі вайну ва Ўкраіне, у тым ліку напад з тэрыторыі Беларусі. Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Сотнікаў.

45 сутак запар: музыку Ігара Банцара зноў асудзілі

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся чарговы суд над Ігарам Банцарам. Яго абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку Ігара зноў арыштавалі на 15 сутак. Агулам яго будуць утрымліваць за кратамі мінімум 45 сутак.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Банцара затрымалі 4 жніўня ў Горадні, але потым перавезьлі ў Менск на Акрэсьціна. Яго ўжо двойчы арыштоўвалі па адміністрацыйных справах. У 2021 годзе Ігара Банцара асудзілі на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго абвінавацілі ў хуліганстве, бо ў кастрычніку 2020 году ён станцаваў без штаноў перад міліцыянтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG