МАГАТЭ пакіне сваіх пастаянных прадстаўнікоў на Запароскай АЭС

Дэлегацыя МАГАТЭ, якая наведала Запароскую АЭС
Дэлегацыя МАГАТЭ, якая наведала Запароскую АЭС

Два прадстаўнікі Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) будуць пастаянна прысутнічаць на АЭС. На наступным тыдні агенцтва апублікую падрабязную справаздачу пра свой візыт на станцыю ў пачатку верасьня.

«Вялікае значэньне пастаяннага знаходжаньня МАГАТЭ на Запароскай АЭС ужо цалкам відавочнае. Гэта зьмяняе гульню. МАГАТЭ падтрымлівае цесны кантакт са сваімі ўкраінскімі калегамі і працягвае атрымліваць ад іх каштоўную інфармацыю аб сытуацыі», — заявіў дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

Ён заявіў, што прычыны хвалявацца за становішча станцыі нікуды ня зьніклі.

«Розьніца паміж прысутнасьцю МАГАТЭ на пляцоўцы і адсутнасьцю нас такая, як дзень і ноч. Я па-ранейшаму сур’ёзна занепакоены сытуацыяй на Запароскай атамнай электрастанцыі — яна не зьмянілася, — але далейшая прысутнасьць МАГАТЭ будзе мець першараднае значэньне для дапамогі ў стабілізацыі сытуацыі. Я надзвычай ганаруся крытычна важнай і адважнай працай, якую каманда МАГАТЭ цяпер можа выконваць на Запароскай АЭС».

Дэлегацыя МАГАТЭ прыехала на станцыю 1 верасьня і прабыла там некалькі гадзін, заявіўшы, што «фізычная цэласнасьць аб’екту не аднойчы парушалася».

Падрабязны даклад аб сытуацыі плянуюць апублікаваць на наступным тыдні.

Запароская АЭС — трэцяя атамная станцыя па ўсталяванай магутнасьці ў сьвеце. На яе прыпадаюць 6 з 15 дзейных атамных энэргаблёкаў Украіны. Ад пачатку вайны АЭС кантралюецца расейскімі войскамі і пастаянна абстрэльваецца. Украіна і Расея абвінавачваюць у гэтым адна адну. Празь нестабільнасьць становішча захоўваецца рызыка радыеактыўнага забруджваньня.

​
XS
SM
MD
LG