«Першага верасьня 2022 году калегія судзьдзяў Вышэйшага антыкарупцыйнага суду цалкам задаволіла пазоў Міністэрства юстыцыі і прыняла рашэньне спагнаць у даход дзяржавы актывы расейскага грамадзяніна, на якога ўказам прэзыдэнта Ўкраіны накладзены санкцыі», — адзначаецца ў паведамленьні суду.
Выносячы рашэньне, суд прыняў да ўвагі тое, што падкантрольныя Еўтушэнкаву расейскія кампаніі выпускаюць дроны і радыёлякацыйныя станцыі, якія выкарыстоўваюцца ў вайне.
У красавіку 2022 году Еўтушэнкаў трапіў пад пэрсанальныя санкцыі Вялікабрытаніі. У абгрунтаваньні абмежаваньняў пазначана, што бізнэсовец атрымлівае выгаду ад ураду Расеі або падтрымлівае яго за кошт таго, што зьяўляецца саўладальнікам АФК «Сыстэма», якая, у сваю чаргу, мае дзелавыя інтарэсы ў расейскай энэргетыцы і тэлекамунікацыях, якія зьяўляюцца стратэгічнымі сэктарамі для расейскага ўраду.
Як паведамляе «Настоящее время», раней сёньня стала вядома аб канфіскацыі італьянскімі ўладамі 11 вілаў уладальніка расейскага вытворцы мінэральных угнаеньняў «Акрон» Вячаслава Кантара, які трапіў пад санкцыі ЭЗ. Удакладняецца, што вілы або належаць непасрэдна бізнэсоўцу, або нейкім чынам зьвязаныя зь ягонымі актывамі. Яны разьмешчаныя на курорце Порта-Ратонда (паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа Сардыніі).
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Вялікая Брытанія і ЭЗ увялі санкцыі супраць Кантара. Эўрапейская рада распарадзілася арыштаваць яго актывы яшчэ ў красавіку, аднак спатрэбіўся час на выяўленьне кампаній, якія фармальна валодалі нерухомасьцю мільярдэра.