Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста ваяваць за людзей, якіх любіш». Добраахвотнік «Рыцар» быў у партыі, блізкай да Васкрасенскага, а потым зьехаў на вайну


Андрэй Кушняроў
Андрэй Кушняроў

Андрэй Кушняроў з пазыўным «Рыцар» на момант пачатку вайны быў у Беларусі, уваходзіў у аргкамітэт партыі «Дэмакратычны саюз», якая стваралася пад крылом Юрыя Васкрасенскага. Але 24 лютага ўсё рэзка зьмяніла ў ягоным жыцьці. Ён прыехаў ваяваць ва Ўкраіну, уступіў у полк Каліноўскага.

Кушняроў не ўнікаў складаных заданьняў, быў разам з усімі ў Мікалаеўскай вобласьці і Севераданецку. У вялікім інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра свой шлях.

«Я баптыст, у нас былі і праваслаўныя, і нэапаганцы»

— Раскажыце, адкуль вы родам, дзе вучыліся, дзе працавалі?

— Мне 40 гадоў. Родам я з Гомля. Па адукацыі тэоляг, вучыўся ва Ўкраіне ў Белай Царкве. Я баптыст. Сем гадоў там пражыў, з 2005 да 2012. Паводле прафэсіі — праграміст.

— Вы хацелі быць пастарам?

— Гэта такі сьвядомы выбар. Я вырас у атэістычнай сям’і. У сьвядомым узросьце прыйшоў да царквы. Мне было цікава атрымаць веды ў гэтай сфэры, і пастарская сэмінарыя была ў гэтым пляне добрым выбарам на той момант. Я застаюся чальцом баптысцкай царквы, да якой належу з 2007 году.

— Наколькі ведаю, сярод каліноўцаў шмат нэапаганцаў. Як зь імі ўжываліся?

— Ёсьць такое. Калі б шмат з кім я сустрэўся ў цывільным жыцьці, то вельмі наўрад ці ў нас бы завязалася сяброўства. У нас вельмі розныя палітычныя погляды, рэлігійныя. У нас ёсьць настаўнік гісторыі, вельмі праваслаўны, ёсьць каталік, шмат паганцаў, ёсьць сымпатызанты ісламу, хапала атэістаў. Ёсьць і прыхільнікі, і праціўнікі штабу Сьвятланы Ціханоўскай. Варыянтаў вельмі шмат. Нехта прыйшоў з рабочага асяродзьдзя, хтосьці — з інтэлігенцыі. Але ва ўсіх нас была адна мэта — перамога над Расеяй.

«Ва Ўкраіну прыехалі з Жызьнеўскім»

— Дзе папрацавалі ў Беларусі?

— Праграмістам я ўжо працую больш за 10 гадоў. Нейкі час працаваў на фрылансе. Потым працаваў на амэрыканскую кантору, якая ўжо пераехала зь Беларусі.

— Калі зацікавіліся палітыкай?

— Трыгерам стала сьмерць майго таварыша Міхася Жызьнеўскага на Майдане. Мы разам зь ім калісьці прыехалі ва Ўкраіну, і ўсе сем гадоў майго жыцьця ва Ўкраіне былі разам. Я вярнуўся ў Беларусь, а ён там застаўся. Для мяне Міхась быў як малодшы брат. І стаўленьне было адпаведнае: бесталкоўшчына, але родны. Я бачу ў ім не героя, але чалавека, які дзесьці аплэвух, дзесьці добры, дзесьці сьмешны. Бо шмат што прайшлі зь ім разам. Мы разам зь ім займаліся гістарычным фэхтаваньнем яшчэ ў Гомлі.

Некалькі разоў я езьдзіў на вышкалы УНА-УНСО. Але быў ня дужа актыўны. Толькі пасьля сьмерці Жызьнеўскага стаў цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Так празь нейкі час прыйшоў у рух «За свабоду», здаецца, у 2017-м. У 2018-м высоўваўся кандыдатам на мясцовых выбарах. У 2019-м спрабаваў пайсьці на парлямэнцкія выбары.

— У падзеях 2020 году неяк удзельнічалі?

— Я не падтрымліваў штабы, падтрымліваў Губарэвіча як адзінага кандыдата ад апазыцыі. Калі ідэя праймэрыз правалілася, то я не знайшоў таго чалавека, за якім бы мог пайсьці. Я жыў у Гомлі на праспэкце Незалежнасьці, у самым цэнтры, некалькі разоў выходзіў на вуліцы. Калі актыўная фаза хутка скончылася, то мне не здавалася, што мірны пратэст можа перамагчы. Альбо давайце ісьці да канца, альбо ня будзем пачынаць. Я падазраваў, што гэта ўсё праваліцца і пачнецца новая хваля рэпрэсій.

«Я не хацеў зьяжджаць»

— Як вы аказаліся ў партыі «Дэмакратычны саюз» Андрэя Ланкіна? Многія мяркуюць, што гэта псэўдаапазыцыйная партыя, якая ствараецца для таго, каб дэзарыентаваць прыхільнікаў перамен.

— Шмат размоваў ідзе пра Васкрасенскага, які «празрэў» у СІЗА КДБ. У мяне асабіста зь ім было ўсяго некалькі размоваў. Я спадзяваўся, што «ДэмСаюз» — гэта будзе такім самастойным праектам, дзе мы зможам бяз вонкавага ўплыву напісаць праграму. І гэта будзе прабеларуская праграма. Не прарасейская, для мяне гэта было прынцыповым. Я заўжды быў крытыкам саюзнай дзяржавы.

— Дык раскажыце, што вас падштурхнула туды прыйсьці?

— Я хацеў зрабіць хоць нешта. Я бачыў вялікую колькасьць рэпрэсій. Мне хацелася паспрабаваць выратаваць тое нямногае ад дэмакратычнага руху, што яшчэ заставалася. Можна было б падкідаць дроваў у агонь, хай усё гарыць, і зьехаць за мяжу, але я не хацеў зьяжджаць. Да 24 лютага 2022-га плянаваў заставацца ў Беларусі. Мне нецікава было ствараць дэмакратычную дыяспару, хацеў захаваць хоць нешта ўнутры краіны.

— Вайна перакрэсьліла вашы памкненьні?

— Гэта была чырвоная лінія, за якую я ня змог перайсьці. Я напісаў заяву аб сыходзе з партыі, што спыняю спробы наладзіць адносіны з урадам Беларусі. Раней я лічыў, што мог быць пераходны пэрыяд, у якім дэмакратычныя сілы маглі б перахапіць ініцыятыву. Пасьля 24 лютага для мяне гэта ўжо непрымальна, я не магу больш размаўляць з гэтымі людзьмі, калі паляцелі ракеты, пайшлі расейцы з нашай тэрыторыі.

— Цяпер вы ня маеце дачыненьня да «Дэмакратычнага саюзу»?

— Не. Унутры арганізацыі мы хацелі зрабіць заяву з асуджэньнем вайны, але большасьць сяброў гэтага не падтрымала. Калі так, то нам не па дарозе.

«Прызнаў паразу як палітык і ўзяў у рукі аўтамат»

— У вас не было праблем ва Ўкраіне праз такую арганізацыю?

— Мяне звазілі некалькі разоў на паліграф, у выніку чаго ўсе пытаньні зьняліся. Апарат пацьвердзіў усе мае адказы.

— Што вы адчувалі 24 лютага 2022 году?

— Я ня верыў, што будзе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Пры гэтым таксама ня верыў, што Кіеў могуць захапіць за тры дні. Лічыў, што для гэтага патрэбна ня менш за месяц. Адна справа бразгаць зброяй, а іншая — зладзіць бойню, дзе яны самі будуць паміраць. Аднак я памыліўся. Для мяне шокам быў ня столькі напад Расеі, колькі ўдзел Беларусі. Гэта асабісты ўдар для мяне, я не ўспрымаю, што гэта разьвязаў толькі рэжым. Я зрабіў недастаткова, каб такога нападу з тэрыторыі Беларусі не было. Лічу, што ўкраінцы цалкам апраўдана пісалі ня самыя прывабныя рэчы ў дачыненьні да Беларусі. Мне цяжка было гэта бачыць бязь сьлёз. Столькі людзей гінула. У мяне было адчуваньне: трэба нешта рабіць, кудысьці бегчы, нейкі мітынг, пікет. Я хацеў спыніць гэтае вар’яцтва. Мой максымум — прызнаць сваю паразу як палітыка, узяць аўтамат у рукі і сядзець у акопе.

— Калі вы зьехалі зь Беларусі?

— Я званіў у пасольства Ўкраіны, спрабаваў далучыцца да Замежнага легіёну. Усё гэта заняло каля паўтара тыдня. На пачатку сакавіка я зьехаў у Польшчу. У сакавіку таксама прыехаў ва Ўкраіну. Мы ехалі троху ў невядомасьць, не да канца разумелі, куды дакладна мы едзем. Ведалі толькі, што едзем абараняць Кіеў. У арміі я не служыў, мой максымум — вышкалы УНА-УНСО.

— Што ўбачылі ў Кіеве?

— Я зьдзівіўся колькасьці людзей, якія на гэта адгукнуліся. Думаў, што будзе чалавек 50 максымум. Але было нашмат болей. Мяне ўразілі ўкраінцы, якія засталіся ў Кіеве абараняць краіну. Я ведаў, што ўкраінцы здольныя на грамадзянскі актывізм, але тут яны пераўзышлі сябе. Мы ехалі празь Львоў, дык людзі нам проста піхалі ежу, ваду. Гэтая мабілізацыя — самае цудоўнае, што ёсьць ва Ўкраіне, і нам трэба гэтаму вучыцца.

«Для мяне дысанансу няма»

— У вас заўжды быў сантымэнт да Ўкраіны?

— Пасьля таго як я там пажыў, — так. Канечне, там ёсьць мінусы, як тая ж славутая ўкраінская карупцыя. Яны вельмі адкрытыя, камунікабэльныя. У мяне жонка ўкраінка.

— Як яна паставілася да таго, што вы паехалі ваяваць?

— Гэта было сумеснае рашэньне. 24 лютага мы былі гатовыя пікетаваць нават удваіх. Фізычна я паехаў адзін, але гэта наш агульны ўклад у гэтую справу. Ёй вельмі цяжка псыхалягічна, калі муж сядзіць у акопах, калі можа быць забіты. У Каліноўскага мы былі на досыць жорсткіх кірунках. Гэта ёй далося цяжэй нават, чым мне.

— Іншыя хлопцы з палку казалі мне, што іх уражвалі ў вас два факты, гэта быў такі дысананс: «чалавек Васкрасенскага», але пры гэтым не баіцца ісьці на «перадок», не адмаўляецца ад баявых заданьняў.

— Калі я быў у Беларусі, то шанец таго, што мяне пасадзяць, быў вельмі вялікі. І гэта нягледзячы на спробы пачаць дыялёг з уладамі. Я хадзіў на дзяржаўнае тэлебачаньне, дзе казаў, што выступаю супраць саюзу з Расеяй, за тое, каб выпусьцілі палітвязьняў. Нешта выразалі, нешта пакінулі. Цяпер бы за такое дакладна пасадзілі. У «ДэмСаюзе» частка людзей таксама рызыкавалі свабодай. Для мяне дысанансу таму няма.

«Былі думкі: „Навошта я сюды прыехаў?“»

— Раскажыце пра першае баявое заданьне.

— Калі буйное, то гэта было з Замежным легіёнам, я правёў зь імі восем ці дзевяць дзён у Мікалаеўскай вобласьці. Мы займаліся назіраньнем на самай лініі фронту. Упершыню трапіў пад абстрэл у сяле, калі папярэджваў мясцовых жыхароў, што тут уводзіцца камэнданцкая гадзіна. Са мной былі трое легіянэраў, якія хацелі паглядзець на месца. Мы дзесьці хаваліся, на нас потым зноў наводзілі абстрэлы, спрабавалі дабрацца да базы. Быў адзін паранены сярод нас.

— Вы ж удзельнічалі ў прарыве ў Мікалаеўскай вобласьці?

— Так. Я ў тую мясцовасьць прыехаў крыху раней, якраз з Замежным легіёнам. Быў момант, калі мы былі на штаб-кватэры, а большая частка хлопцаў яшчэ ня выйшлі зь вёскі, як прыйшло паведамленьне, што на нас едзе калёна расейскай бранятэхнікі. Мы ня можам адысьці, бо павінны прыкрываць адыход хлопцаў. Мы рыхтаваліся там загінуць. Адзін з пабрацімаў выступіў з прамовай, што было гонарам з вамі ваяваць, але мы вымушаныя застацца на пазыцыі. У выніку расейцы не рызыкнулі рухацца ў наш бок, але былі адчуваньні тады, што ўсё, варыянтаў больш няма. Я вельмі парадаваўся, што хлопцы зусім без баявога досьведу былі гатовыя ісьці з гранатамі спыняць расейскія танкі. Такі гераізм, калі чалавек сам ад сябе такога не чакае, — гэта цікавае адчуваньне.

— Ведаю, што некаторыя пасанулі перад той апэрацыяй. Вы не хацелі зрабіць гэтак жа?

— Як ужо казаў, я быў на той пазыцыі раней. Інтэрнэту ў мяне фактычна не было, па яго трэба было бегчы пад абстрэламі. На мне ж былі камунікацыі, радыё, я быў адзіным перакладчыкам. Мне казалі, што апэрацыя будзе трагічная і лепш адмовіцца. Адказаў, што не, я буду ўдзельнічаць. Памром дык памром. Мы ж ня ў цацкі прыехалі гуляцца. Зразумела, што страшна. Схлушу, калі скажу, што ў галаве не было думак кшталту: «Навошта я сюды прыехаў? У мяне ж у жыцьці ўсё было добра». Асабліва калі ў наш бок ляцяць снарады, такое лезе ў галаву. Калі адказу на гэтае пытаньне няма, то вельмі цяжка.

— А які ў вас быў адказ?

— Між Мікалаевам і расейцамі былі толькі мы, калі мы сыдзем, то яны зойдуць у горад, зладзяць там разьню, згвалтаваньні. Якое тут можна прыняць іншае рашэньне? Да нас у вёску падыходзілі людзі: «Хлопчыкі, толькі не адыходзьце, калі ласка».

«Уразіла стаўленьне „Брэста“ да палонных»

— У Лісічанску і Севераданецку вы таксама былі?

— Так. Былі там з Іванам «Брэстам» (Марчук. — РС), «Пацуком» (Васіль Верамейчык. — РС). Жылі ў падвалах, белы сьвет бачылі рэдка, і тое там пастаянна абстрэльваў танк. У Севераданецку абстрэлы былі 24/7. Вада толькі для піцьця і ежы, мыцца няма чым. Сьпіш на падлозе ў сьмецьці, у пыле. Тры гадзіны сьпіш, тры ў нарадзе. Фізычна нават было цяжка. Але ў гэта ўцягваесься. Быў цікавы момант, калі адзін хлопец прыходзіць, у яго пытаюцца пра пабраціма, дзе ён. «Мыецца», — адказвае. Як мыецца? Ваду нашу траціць? Зараз будуць разборкі. «Не, снарад прабіў дах з трэцяга на другі паверх, і цяпер там вада капае», — сьмешны быў момант.

— Раскажыце крыху пра загінулых пабрацімаў.

— Мы спалі літаральна побач з «Атамам» (Васіль Грудовік. — РС). «Брэста» знаў больш-менш нармальна. Калі бралі палонных у Мікалаеўскай вобласьці, то мяне зьдзівіла стаўленьне да іх з боку «Брэста». Ён прыйшоў і сказаў: калі іх нехта пальцам кране, то будзе асабіста мець справу са мною. Мяне пасадзілі іх ахоўваць, я іх транспартаваў потым у Мікалаеў, бачыў, якое да іх было стаўленьне. «Атам» — вельмі эмацыйны хлопец. «Брэст» таксама не адзначаўся спакойным характарам. І пра многіх іншых такое можна сказаць. Яны прыносілі палонным ваду, цукеркі нават. Часта стаўленьне да палонных кепскае ў людзей, якія самі ў баях не былі. А тут такое высакародства праяўлялася.

«Брэст» мог накрычаць на людзей, але потым падысьці і выбачыцца. Мяне гэта зьдзіўляла, бо ня кожны камандзір на такое здольны, тым больш каб чулі іншыя людзі. «Атам» вялікую працу прарабіў над сабой за час вайны, ён стаў сябе кантраляваць, трымаць у руках, бачны быў рост чалавека. Ён стараўся стаць лепшым, чым быў. Такое можна сказаць ня толькі пра загінулых.

«Я зраблю ўсё, каб Украіна перамагла»

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Думка аб тым, што я як грамадзянін Беларусі адказны за тое, што адбываецца ва Ўкраіне. І мне па сёньня сорамна глядзець украінцам у вочы. Нягледзячы на палітычную актыўнасьць, на ўдзел у вайне. Мне ўсё адно сорамна. Я ня ведаю, як гэта выправіць.

— Што самае прыемнае на вайне?

— Бачыць рост людзей, што побач. Як чалавек пераадольвае страх, заганы. Нехта кідаў курыць. Хтосьці меней стаў ужываць алькаголь. Нехта стаў менш запальчывы. Кожны раз, калі над галавой сьвіст, то гэта страшна. І людзі пераадольваюць такі страх. Гэта ўражвае, асабліва ад людзей, якія зусім не вайскоўцы.

— Адкуль ваш пазыўны «Рыцар»?

— Я займаўся гістарычным фэхтаваньнем, рэканструкцыяй. Мяне так называлі і раней. А то ўвесь гэты зьвярынец — «Мышка», «Мыш», «Бабёр», «Лісіца». Я ўсё ж чалавек.

— Вы разумееце, што ў галовах у расейцаў?

— З гэтай прычыны і спрабаваў паразмаўляць з палоннымі. Зь некаторымі зь іх у цывільным жыцьці я б мог пайсьці папіць каву і стаць нармальнымі знаёмымі. Калі чалавек беспакарана са зброяй у руках можа рабіць усё тое самае кепскае, што ёсьць у яго ўнутры, а афіцэрамі гэта толькі заахвочваецца, іх культура прыводзіць да такіх зьверстваў. Я гляджу інтэрвію з палоннымі, таму прыкладна ўяўляю, што яны думаюць. Мне гэта не падабаецца.

— Ва Ўкраіны ёсьць шанец перамагчы ў вайне?

— Так. Я ніколі не лічыў расейскую армію звышмоцнай. Пры падтрымцы Захаду, калі яна будзе павялічвацца, то шанцы ёсьць. Плюс вельмі моцная мабілізацыя ўкраінскага грамадзтва. Проста ваяваць за людзей, якіх ты любіш, — за дзяцей, за старых, за жанчын. А вось ваяваць за тое, каб NATO дзесьці не паставіла калісьці свае базы, — цяжка. У мяне ёсьць вельмі добрая надзея.

— Па Лукашэнку гэта ўдарыць?

— Гэта старая палітычная жывёліна. Па ім ужо ўдарыла. Ён страціў ужо частку ўлады ў краіне і працягвае траціць. Ці зможа ён выкруціцца ў выпадку пройгрышу Расеі? Думаю, так. Чым мацней прайграе Расея, тым больш у яго будуць разьвязаныя рукі. Сёньня яго ссунуць можа толькі Расея, а не Эўропа. Санкцыі яго ня скінуць. Абядненьне насельніцтва ня зробіць яго ўладу мацнейшай. Я зраблю ўсё, каб Украіна перамагла, а Пуцін сышоў у нябыт, але ня маю надзей, што гэта адразу будзе азначаць сыход Лукашэнкі. Так не бывае, на жаль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG