Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці асудзілі першакурсьніка за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне


Берасьцейскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота
Берасьцейскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Гэта трэці вядомы падобны вырак супраць беларусаў за спробы далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

З 23 жніўня ў Берасьцейскім абласным судзе разглядалі крымінальную справу першакурсьніка аднаго зь мясцовых ВНУ Андрэя Маслова паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

У Берасьці на 2,5 года калёніі пакаралі першакурсьніка Андрэя Маслова, які зьбіраўся адправіцца валянтэрам ва Ўкраіну. 26 жніўня вырак вынес судьдзя Сяргей Беразюк, паведамляе «Берасьцейская вясна».

Маслоў расказаў падчас суду, што пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну вырашыў туды накіравацца, каб аказваць любую дапамогу, якая можа спатрэбіцца. У першую чаргу ён разглядаў мэдыцынскую, лягістычную і тэхнічную дапамогу.

«Андрэй настойваў, што ад выкарыстаньня зброі ён бы ўсімі сіламі адмаўляўся. Але паколькі для аказаньня іншых відаў дапамогі магло спатрэбіцца ўступленьне ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны (УСУ), то быў гатовы далучыцца да ўкраінскага войска», — расказалі праваабаронцы.

Маслоў звязаўся з палком Каліноўскага і вырашыў самастойна перайсьці беларуска-ўкраінскую мяжу. У прымежнай паласе яго затрымалі. Памежнікі знайшлі ў тэлефоне Андрэя перапіску з тэлеграм-ботам палка Каліноўскага і перадалі яго сілавікам. 14 траўня яго зьмясцілі пад варту.

Першапачаткова Маслова абвінавачвалі ў замаху на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны (частка 1 артыкулу 14 і частка 1 артыкулу 361-3 КК). Але на этапе спрэчак бакоў пракурор перакваліфікаваў абвінавачанае на «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (частка 1 артыкулу 13 і частка 1 артыкулу 361-3 КК).

Каго яшчэ затрымалі і судзілі за спробы далучыцца да добраахвотнікаў

Першай асобай у Беларусі, каму пасьля 24 лютага 2022 года, вынесьлі прысуд за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне стаў 37-гадовы жыхар Берасьця Сяргей Вайцюк — яму прысудзілі 2,5 года ў калёніі. Таксама на тры гады калёніі асудзілі 50-гадовага жыхара Салігоршчыны Міхаіла Лістападава.

Паводле абвінавачваньня, Вайцюк у сярэдзіне красавіка адправіўся на таксі ў Маларыцкі раён, у памежную зону каля дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Прыбыўшы на месца, абвінавачаны спрабаваў перасекчы мяжу ў кірунку Ўкраіны, у тым ліку па-за ўстаноўленым пунктам пропуску, аднак не давёў свой намер да канца, бо яго затрымалі праваахоўныя органы.

Судзьдзя Сьвятлана Крамянёўская прызначыла яму 2,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор Аляксандр Богуш.

26 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над затрыманым з той жа прычыны, што і Сяргей Вацюк, Міхаілам Лістападавым.

Яму таксама ставіцца ў віну арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У сакавіку МУС заявіла, што супраць байцоў добраахвотніцкага батальёна імя Каліноўскага распачата крымінальная справа аб саўдзеле ў збройным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пасьля чаго пачаліся затрыманьні беларусаў, якія нібыта зьбіраліся адправіцца ва Ўкраіну і ваяваць у складзе палку — кагосьці выяўлялі праз фэйкавыя тэлеграм-боты, кагосьці затрымлівалі на мяжы.

Іх дзеяньні кваліфікуюцца як «падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Часта да яе дадаюць «палітычныя артыкулы» 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і інш., адзначаюць праваабаронцы.

14 сакавіка праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне 53-гадовага жыхара Докшыц (Віцебская вобласьць) Сяргея Грыбовіча. Яму ставяцца ў віну два артыкулы — 130 і 361-3 КК.

16 траўня затрымалі мастака Андрэя Раптуновіча зь Менску. Спачатку яго арыштавалі на 14 дзён за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў». На волю ён ня выйшаў: склалі пратакол за дробнае хуліганства і прызначылі яшчэ 15 дзён арышту. Затым на Раптуновіча завялі крымінальную справу паводле арт. 361-1 і 361-3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG