Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці і Гомлі пачаліся першыя суды супраць беларусаў за «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне»

Берасьцейскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота
Берасьцейскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

25 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе пачаўся працэс паводле ч. 1 арт. 3611 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) над Сяргеем Вайцюком, якога арыштавалі за ягоныя пляны адправіцца ва Ўкраіну і ваяваць у складзе палка Каліноўскага.

Артыкул прадугледжвае пакараньне да пяці гадоў калёніі. Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Берасьця Сяргей Вайцюк. Справу разглядае судзьдзя Сьвятлана Крамянёўская, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

26 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца працэс над іншым затрыманым з той жа прычыны, што і Сяргей Вацюк, Міхаілам Лістападавым.

Яму таксама ставіцца ў віну арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У сакавіку МУС заявіла, што супраць байцоў добраахвотніцкага батальёна імя Каліноўскага распачата крымінальная справа аб саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пасьля чаго пачаліся затрыманьні беларусаў, якія нібыта зьбіраліся адправіцца ва Ўкраіну і ваяваць у складзе палка — кагосьці выяўлялі праз фэйкавыя тэлеграм-боты, кагосьці затрымлівалі на мяжы.

Іх дзеяньні кваліфікуюцца як «падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы» (па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 3613 КК). Часта да яе дадаюць «палітычныя артыкулы» 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), 3611 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і інш., адзначаюць праваабаронцы.

14 сакавіка праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі аб затрыманьні 53-гадовага жыхара Докшыц (Віцебская вобласьць) Сяргея Грыбовіча. Яму ставяцца ў віну два артыкулы — 130 і 3613 КК.

16 траўня затрымалі мастака Андрэя Раптуновіча зь Менску. Спачатку яго арыштавалі на 14 дзён за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў». На волю ён ня выйшаў: на хлопца склалі пратакол за дробнае хуліганства і прызначылі яшчэ 15 дзён арышту. Затым на Раптуновіча завялі крымінальную справу паводле арт. 3611 і 3613.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG