Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пазваніў, Такаеў даслаў тэлеграму. Хто і як сёлета павіншаваў Лукашэнку з днём народзінаў


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Апрача кіраўнікоў постсавецкіх краін — яшчэ лідэры Кітаю, Вэнэсуэлы, Эгіпту і «іншых дзяржаў блізкага і далёкага замежжа».

30 жніўня Лукашэнку споўнілася 68 гадоў. Свабода пацікавілася, хто з кіраўнікоў іншых дзяржаў і якім чынам сёлета павіншаваў свайго беларускага калегу з асабістым сьвятам. Як аказалася, пазванілі Лукашэнку толькі трое. Яшчэ васьмёра абмежаваліся тэлеграмамі.

Блытаніна з днём нараджэньня Лукашэнкі пачалася пасьля таго, як у публічнай прасторы пачаў рэгулярна зьяўляцца яго малодшы сын Мікалай. Ён нарадзіўся 31 жніўня, і сам Лукашэнка, дзень нараджэньня якога адзначаўся 30 жніўня, пачаў сьвяткаваць яго таксама 31-га.

«Вы ж разумееце, што я таксама чалавек, у мяне ёсьць дзеці, асабліва малодшы Міколенька, у якім я душы ня чую, — расказваў Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Праханаву ў 2010 годзе. — Яму сёньня пяць год, а мне ўжо пяцьдзясят пяць. Нарадзіліся мы зь ім у адзін дзень, 31 жніўня».

Пры гэтым паводле пашпартных дадзеных сам Лукашэнка нарадзіўся ўсё ж 30 жніўня, а не 31-га. Гэта пацьвярджаюць і новыя зьлівы «Кібэрпартызанаў», якія сьцьвярджаюць, што атрымалі доступ да пашпартных дадзеных усіх грамадзян Беларусі, і ў якасьці доказу гэтага апублікавалі скрыны пашпарта самога Лукашэнкі. Свабода прасачыла, хто з кіраўнікоў дзяржаў павіншаваў сёлета Лукашэнку і якім чынам гэта зрабіў.

На афіцыйным сайце Лукашэнкі паведамленьні пра шэраг тэлефонных размоваў і атрыманьне віншавальных тэлеграм зьявілася 31 жніўня.

Першым там згадваецца кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Яны з Лукашэнкам «перш за ўсё абмеркавалі актуальныя пытаньні беларуска-азэрбайджанскіх двухбаковых адносін, а таксама абмяняліся думкамі і па тэматыцы міжнароднага парадку дня».

Паводле афіцыйнага сайта самога Аліева, кіраўнік Азэрбайджану ўсё ж званіў Лукашэнку з мэтай павіншаваць яго з днём народзінаў. Прычым рабіў гэта менавіта 30 жніўня, а не 31-га.

Асабіста павіншаваў Лукашэнку і кіраўнік Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, прычым зрабіў гэта таксама 30 жніўня. Калі на сайце Лукашэнкі размова зь Мірзіёевым пададзена як выключна службовая, то сайт узбэцкага лідэра не хавае нагоды для тэлефанаваньня.

«Прэзыдэнт Узбэкістану цёпла павіншаваў Прэзыдэнта Беларусі з днём нараджэньня, пажадаўшы яму моцнага здароўя, дабрабыту і вялікіх посьпехаў», — гаворыцца там.

Трэцім, хто пазваніў Лукашэнку на Дзень народзінаў — і апошнім, пра каго паведамляецца афіцыйна, — стаў Пуцін. Сайт Лукашэнкі сьцьвярджае, што яны правялі плённыя перамовы і абмеркавалі будучую сустрэчу на саміце ШАС ва Ўзбэкістане. На старонцы Пуціна ў інтэрнэце пра саміт ШАС ні слова.

«У ходзе тэлефоннай размовы Ўладзімір Пуцін цёпла павіншаваў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку з Днём нараджэньня, — сьцьвярджаецца там. — Абмеркаваныя некаторыя актуальныя тэмы двухбаковага парадку дня, а таксама сытуацыя ва Ўкраіне».

Пуцін, акрамя тэлефанаваньня, даслаў Лукашэнку таксама і віншавальную тэлеграму, дзе пажадаў свайму беларускаму саюзьніку здароўя. Цалкам яе тэкст пры жаданьні можна паглядзець тут. Як і Аліеў зь Мірзіёевым, Пуцін віншаваў Лукашэнку 30 жніўня, а не 31-га.

На гэтым віншавальныя тэлефанаваньні Лукашэнку ад лідэраў краін скончыліся. Званілі яму таксама былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, а таксама старшыня расейскага Савету Фэдэрацыі Валянціна Матвіенка.

Кіраўнікі іншых краін, зь якімі ў Лукашэнкі захоўваюцца адносіны, даслалі ў Беларусь тэлеграмы. Сярод іх аказаўся і дзейны кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Прычым згадкі пра віншаваньне Лукашэнкі на сайце Такаева няма, хоць там знайшлося месца для віншавальнай тэлеграмы казахстанскаму баксёру Жанібеку Аліманхулы.

Даслалі Лукашэнку тэлеграмы зь віншаваньнямі таксама з Кітаю, Вэнэсуэлы, Эгіпту, Таджыкістану, Туркмэністану, Кіргізстану і Армэніі. На афіцыйным сайце Нікола Пашыньяна пры гэтым, як і на сайце Такаева, інфармацыі пра віншаваньні Лукашэнку не разьмясьцілі, хоць там ёсьць адмысловы разьдзел для публікацыі віншавальных тэлеграмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG