Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оляф Шольц прэтэндуе на лідэрства. Навошта нямецкі канцлер узгадаў Лукашэнку ў якасьці тыповага адмоўнага пэрсанажа


Оляф Шольц
Оляф Шольц

Выступ Оляфа Шольца ў Празе можна ацаніць як заяўку на аднаўленьне лідэрства Нямеччыны ў ЭЗ і ўвогуле ў Эўропе, якое трохі пахіснулася пасьля сыходу ў адстаўку Ангелы Мэркель.

Сьцісла:

  • 29 жніўня Оляф Шольц выступіў у Празе з шэрагам гучных заяваў стратэгічнага характару.
  • Уварваньне Расеі ва Ўкраіну — гэта выклік для ЭЗ, які павінен падштурхнуць Эўразьвяз да згуртаваньня.
  • Шольц падкрэсьліў прыхільнасьць Нямеччыны да пашырэньня ЭЗ.
  • Бэрлін прапануе стварыць новую адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны ў ЭЗ.
  • Канцлер заявіў, што Нямеччына будзе падтрымліваць Кіеў «столькі, колькі спатрэбіцца».

У пятніцу 26 жніўня Лукашэнка зьняважліва выказаўся на адрас канцлера Нямеччыны. Ён сказаў, што Оляф Шольц — гэта «пацан, які нічога не разумее і разумець ня хоча ў палітыцы». Лукашэнка ня мог адмовіць сабе ў задавальненьні прадэманстраваць сваю перавагу палітыка, які ўжо больш як чвэрць стагодзьдзя ўтрымлівае ўладу, над навічком на пасадзе кіраўніка краіны Шольцам.

Нібы ў насьмешку з такой адзнакі, у панядзелак 29 жніўня Оляф Шольц выступіў у Празе з шэрагам гучных заяваў стратэгічнага характару. У прамове перад студэнтамі Карлавага ўнівэрсытэту, а таксама перад міністрамі краін ЭЗ ён выказаўся пра асноўныя кірункі будучай палітыкі Эўразьвязу. Гэты выступ можна ацаніць як заяўку на аднаўленьне лідэрства Нямеччыны ў ЭЗ і ўвогуле ў Эўропе, якое трохі пахіснулася пасьля сыходу ў адстаўку Ангелы Мэркель. І як прэтэнзію на асабістае лідэрства Шольца ў эўрапейскай палітыцы.

Што ж сказаў нямецкі канцлер?

Уварваньне Расеі ва Ўкраіну — гэта выклік для ЭЗ, які павінен падштурхнуць Эўразьвяз да згуртаваньня, дадатковай мабілізацыі, лепшага выкарыстаньня патэнцыялу аб’яднанай Эўропы.

Дарэчы, Нямеччына падае прыклад у гэтым пляне. Паглядзіце, як яна рашуча пазбаўляецца ад расейскай газавай залежнасьці. Калі ў 2021 годзе доля расейскага газу ў агульным спажываньні гэтага паліва ў Нямеччыне складала 40 працэнтаў, то сёньня яна ўжо не перавышае 9%. Замест Расеі Бэрлін пачаў купляць газ у Нарвэгіі і Нідэрляндаў, плацячы значна большую цану.

Шольц падкрэсьліў прыхільнасьць Нямеччыны да пашырэньня ЭЗ, адзначыўшы, што краіны Заходніх Балканаў, Украіна, Малдова і, у канчатковым выніку, Грузія павінны далучыцца да Эўразьвязу. І гэта становіцца адным з найважнейшых наступстваў вайны ва Ўкраіне. Бяз гэтай вайны невядома, ці мелі б Украіна ці Малдова ўвогуле шанцы ў агляднай будучыні стаць чальцамі ЭЗ. Агрэсія Расеі ўсё памяняла. Яна фактычна стымулявала цывілізацыйную экспансію Эўропы на Ўсход і Поўдзень. Каб краіны кшталту Вугоршчыны не выкарыстоўвалі мэханізм аднагалосься для блякаваньня важных рашэньняў ЭЗ, Шольц прапанаваў «паступовы пераход да галасаваньня паводле большасьці ў агульнай замежнай палітыцы, а таксама ў іншых галінах, такіх як падатковая палітыка», — выдатна разумеючы, што гэта будзе мець наступствы і для Нямеччыны.

Таксама канцлер гаварыў пра неабходнасьць стварыць новую адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны ў ЭЗ. Тэма стварэньня краінамі Эўропы ўласнай сыстэмы абароны і свайго войска, незалежнага ад ЗША, вельмі даўняя, гаворка пра гэта ідзе ўвесь пасьляваенны час. Але без асаблівых вынікаў. Можа, агрэсія Расеі супраць Украіны стане трыгерам вырашэньня гэтага пытаньня? Глядзіце, як актыўна краіны ЭЗ павялічваюць свае вайсковыя бюджэты.

Яшчэ адзін важны момант выступу Шольца. Памятаеце, якая вялікая крытыка гучала на адрас Бэрліна за неахвотную, слабую, нерашучую падтрымку Ўкраіны ў вайсковым пляне? Здараліся нават скандалы, дыпляматычныя дэмаршы. Дык вось, Шольц заявіў, што Нямеччына будзе падтрымліваць Кіеў «столькі, колькі спатрэбіцца». Паводле Шольца, акрамя адпраўкі перадавых сыстэм супрацьпаветранай абароны, радыёлякацыйных сыстэм або бесьпілётнікаў, Нямеччына можа ўзяць на сябе асаблівую адказнасьць у пляне нарошчваньня патэнцыялу артылерыі.

Узгадаў Шольц і Лукашэнку. Але ў кантэксьце згадкі пра Пуціна. Маўляў, «іншыя аўтакраты пераймаюць яго». І ў якасьці ілюстрацыі сваёй тэзы ўзгадаў Лукашэнку, ягоны шантаж Эўропы мігрантамі. То бок для Шольца Лукашэнка — не рэальны суб’ект палітыкі, а ўсяго толькі дзяжурны прыклад адмоўнага пэрсанажа ў сусьветнай палітычнай практыцы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG