Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: ЭЗ можа адмяніць пагадненьне аб спрошчанай выдачы віз расіянам. Пра беларусаў пакуль не паведамляецца


Міністры замежных спраў краін ЭЗ зьбіраюцца дамовіцца аб прыпыненьні пагадненьня аб спрошчаным рэжыме выдачы віз для расейцаў, піша Financial Times са спасылкай на афіцыйных асоб, якія бяруць удзел у перамовах.

Неафіцыйная сустрэча міністраў, дзе можа быць прынятае такое рашэньне, павінна прайсьці 30 і 31 жніўня ў Празе. Раней Чэхія, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, прапанавала прыпыніць дзеяньне пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзян Расеі і Беларусі.

Для расіян прыпыненьне будзе азначаць павышэньне кошту пошліны за разгляд дакумэнтаў для атрыманьня шэнгенскай візы (консульскі збор за афармленьне візы павялічыцца з 35 да 80 эўра), запатрабуе большы пакет дакумэнтаў і павялічыць час чаканьня. Невядома пакуль, ці будзе такая ж прапанова ўнесеная і адносна беларусаў.

Частка гэтай дамовы для чальцоў афіцыйных дэлегацый ужо была прыпыненая ў канцы лютага.

Гэта кампрамісны варыянт для ўладаў дзяржаў, якія выступаюць супраць абмежаваньняў на паездкі расейцаў і беларусаў у Эўропу, і тых, хто патрабуе закрыць уезд у краіны шэнгенскай зоны зусім.

Адна з крыніц FT не выключае, што забарона на паездкі прасунецца далей, чым адмова ад пагадненьня аб спрошчаным рэжыме, і больш сур'ёзныя меры будуць прыняты да канца году.

«Мы знаходзімся ў выключнай сытуацыі, і яна патрабуе выключных мер. Мы хочам пайсьці далей, чым адмова ад спрошчанай выдачы віз», – заявіў эўрапейскі чыноўнік.

Аднак няма адзінага меркаваньня аб дадатковых мерах, якія мог бы прыняць Брусэль, або аб скарачэньні колькасьці віз ЭЗ, якія выдаюцца расіянам, або аб поўным спыненьні іх выдачы, а таксама аб такіх прапановах, як распаўсюджваньне якой-небудзь забароны на грамадзян Беларусі.

  • Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну шэраг краін ЭЗ спынілі або абмежавалі выдачу віз расейцам. Такія меры ўжо прынялі Эстонія, Латвія, Літва і Чэхія. Фінляндыя плянуе далучыцца да іх у верасьні, разглядае такую магчымасьць і Польшча. Данія настойвае на прыняцьці агульнаэўрапейскага рашэньня па візах для расіян. Гэтыя краіны таксама выступаюць за поўную забарону на выдачу турыстычных шэнгенскіх віз расейцам. У той жа час некаторыя краіны ЭЗ не падтрымліваюць гэтую ідэю, сярод іх – Нямеччына, Грэцыя, Вугоршчына і Партугалія. Ідэю забараніць выдачу віз расіянам не падтрымаў і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG