Жыхарам Запарожжа пачалі выдаваць ёд у таблетках

Жыхарам Хорціцкага раёну Запарожжа пачалі выдаваць таблеткі ёду, якія раяць прымаць, каб засьцерагчы сябе ў выпадку выкіду радыеактыўных рэчываў.

Пра гэта паведаміў сакратар гарсавету Запарожжа Анатоль Курцаў. У чацьвер, 25 жніўня, прэпарат ужо атрымалі 4029 чалавек, у тым ліку 1138 дзяцей. Мясцовы друк публікуе адрасы пунктаў выдачы таблетак і гадзіны іх працы.

Адлегласьць ад Хорціцкага раёну Запарожжа да Запароскай атамнай электрастанцыі складае каля 45 кілямэтраў. У выпадку радыеактыўнага выкіду ёдыд калію ў таблетках засьцерагае ад трапленьня радыеактыўнага ёду з атмасфэры ў шчытападобную залозу.

Мясцовыя ўлады падкрэсьліваюць, што зараз радыяцыйны фон у Запарожжы стабільны, а таблеткі варта прымаць толькі ў выпадку радыяцыйнай трывогі. Тым ня менш яны вырашылі выдаць прэпарат тым, хто пражывае ў 50-кілямэтровай зоне вакол АЭС.

Запароская АЭС у апошнія тыдні падвяргаецца абстрэлам, у якіх Расея і Ўкраіна абвінавачваюць адна адну. На гэты момант станцыя знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў — у СМІ зьяўляліся паведамленьні аб базаваньні на тэрыторыі АЭС расейскай ваеннай тэхнікі. Акрамя абстрэлаў, станцыя мае праблемы з энэргазабесьпячэньнем, што таксама можа прывесьці да парушэньня яе функцыянаваньня.

  • Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. З таго часу Кіеў і Масква неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах тэрыторыі побач з АЭС. На станцыі пры гэтым працягвае працаваць украінскі тэхнічны пэрсанал.
  • ААН заклікала Расею і Украіну стварыць вакол станцыі дэмілітарызаваную зону. З аналягічным заклікам выступала Ўкраіна, заклік падтрымалі некалькі краінаў, у тым ліку ЗША і дзяржавы ЭЗ. Масква заяўляе, што расейскія вайскоўцы разьмешчаныя на АЭС толькі для яе аховы ва ўмовах вайны.
  • Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) ужо некалькі тыдняў настойвае на адпраўцы сваёй місіі на Запароскую АЭС, адзначаючы, што з-за вайны атамная станцыя аказалася «цалкам па-за кантролем».

​
XS
SM
MD
LG