Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 12 гадоў турмы: пракурор запрасіў тэрміны для абвінавачаных Фядуты, Кастусёва, Зянковіча


Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)

30 жніўня пракурор запрасіў тэрміны зьняволеньня для фігурантаў справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.

Як паведаміла «Вясна», пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў пакараць:

  • палітоляга і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 12 гадамі калёніі;
  • кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва па ч. 1 арт. 357 КК — 12 гадамі калёніі;
  • юрыста Юрася Зянковіча па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці) — 12 гадамі калёніі;
  • супрацоўніцу менскага офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч па арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — 3 гадамі калёніі;
  • актывіста і дальнабойшчыка Дзяніса Краўчука (па арт. 342 КК) — 3 гадамі калёніі.

Судовы працэс у «справе аб дзяржаўным перавароце», у якой фігуруюць Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну.

  • Зянковіча абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
  • Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Іншыя фігуранты справы — псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

Аляксандар Фядута пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня часткова прызнаў віну. Рыгор Кастусёў не прызнаў віны па ніводным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачаньня. Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук прызналі віну ў судзе ў поўным абʼёме. Зянковіч ня выказаўся, ці прызнае віну, але ў судзе стала вядома пра ягонае пагадненьне са сьледзтвам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG