Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый гатова падтрымаць любую місію на акупаваную Расеяй Запароскую АЭС.
«Я, як і раней, сур’ёзна занепакоены сытуацыяй на Запароскай атамнай электрастанцыі. Любая наступная эскаляцыя можа прывесьці да катастрофы. Сакратарыят ААН гатовы падтрымаць любую місію з Кіева на станцыю», — напісаў Антонію Гутэрыш на сваёй старонцы ў Twitter.
Брытанская выведка апублікавала спадарожнікавыя здымкі станцыі
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што асноўнымі рызыкамі ў часе акупацыі Расеяй Запароскай АЭС застануцца парушэньні сыстэм ахалоджваньня рэактараў, пашкоджаньне яго рэзэрвовай крыніцы сілкаваньня або памылкі супрацоўнікаў, якія вымушаны працаваць пад ціскам.
Брытанская выведка апублікавала спадарожнікавы здымак станцыі, зроблены 21 жніўня, на якім відаць, што Расея захавала ўзмоцненую вайсковую прысутнасьць на аб’екце, а бронетранспартэры знаходзяцца за 60 мэтраў ад пятага рэактара.
«Расейскія вайскоўцы, імаверна, спрабавалі прыхаваць машыны, разьмясьціўшы іх пад паветранымі трубамі і масткамі», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікабрытаніі.
Расейцы самі пацьвердзілі, што раней адмаўлялі
«Росгвардия» паведаміла аб затрыманьні двух супрацоўнікаў Запароскай АЭС па падазрэньні ў перадачы Узброеным сілам Украіны зьвестак аб «месцазнаходжаньні асабовага складу і тэхнікі» на тэрыторыі станцыі.
Раней Расея адмаўляла, што выкарыстоўвае Запароскую АЭС у якасьці вайсковай базы.
«Мы рашуча не прымаем такія сьцьвярджэньні. Мы неаднаразова заяўлялі, што дзеяньні нашых Узброеных сілаў ніякім чынам не падрываюць ядзерную бясьпеку Ўкраіны і не перашкаджаюць рутыннай эксплуатацыі АЭС», — гаварылася ў паведамленьні прадстаўніцтва Расеі пры ААН.
Украіна просіць у партнэраў дапамогі, каб вярнуць ЗАЭС пад свой кантроль
Украінская кампанія «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, зь сярэдзіны жніўня заяўляе, што захопленая расейскімі войскамі Запароская АЭС працуе з рызыкамі парушэньня нормаў радыяцыйнай і пажарнай бясьпекі.
У жніўні Расея чатыры разы абстрэльвала Запароскую АЭС, каб абвінаваціць у гэтым украінскі бок.
У выніку абстрэлаў 5 жніўня на адным з блёкаў спрацавала аварыйная абарона і пэрсаналу давялося адключыць адзін з трох працуючых энэргаблёкаў. Тады ж сур’ёзна пашкодзілі азотна-кіслародную станцыю і аб’яднаны дапаможны корпус. Паводле «Енергоатому», ёсьць рызыкі выцеку вадароду, распыленьня радыяактыўных рэчываў і небясьпека пажару.
Пасьля абстрэлаў 6 жніўня са строю выйшлі тры датчыкі радыяцыйнага маніторынгу каля сховішча адпрацаванага ядзернага паліва.
11 жніўня ад абстрэлаў пацярпела пажарная частка, што знаходзіцца на тэрыторыі АЭС на выпадак надзвычайных сытуацый на станцыі.
13 жніўня ў выніку выбухаў пашкоджаны адкрытыя разьмеркавальныя прылады.
У той жа час Расея абвінавачвае ў гэтых абстрэлах украінскі бок.