Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынак падчас санкцый і крызісу. Беларусы расказваюць, як зьезьдзілі ў Грузію аўтобусам


400 даляраў з чалавека ў сярэднім каштуе аўтобусны тур у Грузію да Чорнага мора. Адпачынак ля мора ў Турэччыне ці Эгіпце сёлета каштуе ў 2–3 разы даражэй.

Адзін з самых танных спосабаў трапіць на мора летам 2022 году для беларуса — аўтобусны тур у Грузію. Праз авіяцыйныя санкцыі, вайну ва Ўкраіне і эканамічны крызіс іншыя спосабы нават проста трапіць у Грузію сталі значна больш складанымі, чым раней. «Белавія» пакуль не спыніла палёты паміж Менскам і Тбілісі, Батумі і Кутаісі, аднак цэны на квіткі ў абодва бакі пачынаюцца ад 300–350 эўра. Яшчэ прыкладна 500 эўра будзе каштаваць пражываньне ў гатэлі. Цэны на аўтобусны тур зь Менску ў Кабулеці і назад, з 9-дзённым пражываньнем і суправаджэньнем прадстаўніка турфірмы, каштуе каля 400 эўра.

Адпачынак на моры ў іншых краінах, перадусім у бязьвізавых Турэччыне і Эгіпце, сёлета для беларусаў можа каштаваць нават тысячу эўра за тыдзень з чалавека. Уплываюць на гэта як складанасьці ў працы турапэратараў, так і новая лягістыка. Толькі за дадатковыя паліўныя авіяцыйныя зборы трэба даплачваць па 100–150 эўра з кожнага турыста.

«Мы вельмі незадаволеныя»

Беларуска Вольга (імя гераіні зьмененае, сапраўднае ёсьць у рэдакцыі. — РС) паехала ў аўтобусны тур зь Беларусі ў Грузію 30 ліпеня, вярнулася 14 жніўня. Яна расказвае, што да грузінаў ніякіх прэтэнзій ня мае, але мае да беларусаў (назва турфірмы ёсьць у рэдакцыі. — РС) і перавозчыка, які арганізоўваў аўтобусы і кіроўцаў. Жанчына расказвае, што турфірму знайшла ў інтэрнэце. Раней яна ўжо мела досьвед аўтобусных тураў — езьдзіла аўтобусам у Баўгарыю.

«Мы вельмі незадаволеныя, — расказвае жанчына. — І мы незадаволеныя не самім адпачынкам, не прыёмам грузінскага боку, а менавіта паслугамі нашай беларускай фірмы. Нам абяцалі аўтобусы не старэйшыя за 2018 год. А калі аўтобус прыехаў, то ён быў 2003 году. Туды мы сяк-так даехалі. Кандыцыянэр дрэнна працаваў, але ладна. Мы ехалі ў адпачынак, вочы на гэта закрывалі. Але дарога назад — гэта было пекла».

Пра ўзрост аўтобуса Вольга згадвае ня проста так. Ад Менску да расейска-грузінскай мяжы больш за 2700 кілямэтраў. Пры гэтым дарога часткова праходзіць побач з расейска-ўкраінскай мяжой і месцамі баявых дзеяньняў. Агулам у аўтобусе турысты праводзяць каля 40 гадзін, пры ўмове, што ён пастаянна едзе і не псуецца.

«На мяжы з Грузіяй турысты перасядаюць у грузінскі аўтобус, — расказвае Вольга. — І калі з Кабулеці вярталіся ўжо назад у Беларусь, то на грузінска-расейскай мяжы нас павінен быў чакаць наш беларускі аўтобус. Мы пад’ехалі, пабачылі там шыкоўны чорны „Мэрсэдэс“, шыкоўны скураны салён, шыкоўны нумар зь пяцьцю сямёркамі. Але, як аказалася, там не працавала літаральна нічога. Кандыцыянэр таксама. Гэта пры сьпёцы 45 градусаў. Вокны не адчыняліся, люкі таксама. Людзі сталі абурацца».

Вольга кажа, што ўжо падчас паездкі назад турысты даведаліся аб праблемным аўтобусе яшчэ больш. Аказалася, што ад Беларусі да Грузіі з папярэдняй групай ён даехаў таксама не без прыгодаў, і кіроўцы літаральна кінулі яго на мяжы ў Грузіі. У выніку назад у Беларусь з групай Вольгі яго пагналі ўжо іншыя кіроўцы, тэрмінова нанятыя перавозчыкам.

«Знайшлі недзе кіроўцу там на месцы, — працягвае расказваць беларуска пра свае прыгоды ў адпачынку. — Ён быў адзін. Па нарматывах адзін чалавек можа безь перапынку ехаць 4 гадзіны. А ён адзін быў на групу 50 турыстаў і вёз нас практычна суткі безь перапынку. У гэтай кунсткамэры, па-іншаму гэта не назавеш. Калі кіроўца зрабіў першы прыпынак, мы выйшлі і сказалі, што больш у гэты аўтобус ня зойдзем».

Пра прыгоды беларусаў у аўтобусных турах зь Менску ў Грузію СМІ паведамляюць рэгулярна. Такія гісторыі зьяўляюцца ў публічнай прасторы ад пачатку лета (https://people.onliner.by/2022/08/02/krasnorechivye-turisty). Асноўныя прэтэнзіі — да стану аўтобусаў, умоваў у дарозе і камунікацыі з арганізатарамі.

«Замест Магілёва кіроўцы вырашылі паехаць у Гомель»

У выніку група Вольгі даехала да Растова, дзе ўчыніла чарговы бунт. Турысты вялі працяглыя перамовы з прадстаўніцай турфірмы, патрабавалі іншы транспарт. Пасьля начлегу ў гатэлі аказалася, што ў Беларусь яны паедуць усё ж на старым. Кандыцыянэр нібы ўдалося адрамантаваць, зьявіўся яшчэ адзін кіроўца. З гораду беларусы выехалі, расказвае Вольга, але ўжо на хуткаснай трасе «Дон» чорны «Мэрсэдэс» зноў зламаўся.

«Ён спыняўся і так кожную гадзіну — то ваду зьлівалі аднекуль, то нейкія краны рамантавалі, — кажа Вольга. — Кандыцыянэр зноў выключыўся. Кіроўца нам патлумачыў, што калі ўключыць кандыцыянэр, то будзе закіпаць рухавік. Пасьля яшчэ адзін кіроўца зьявіўся, трэці. Зь ім узьніклі канфлікты, зачыніў дзьверы пярэднія для нас. Пасьля аўтобус зноў зламаўся, а затым яшчэ і паліва скончылася на дарозе».

Па словах беларускі, усе спробы неяк вырашыць канфлікты і сытуацыю з аўтобусам з прадстаўнікамі туркампаніі канчаліся нічым. Яны альбо не адказвалі турыстам, альбо казалі, што ўсе зьвязаныя з аўтобусам і кіроўцамі пытаньні трэба накіроўваць перавозчыку, а не турфірме. Назву кампаніі-перавозчыка ў турфірме, кажа Вольга, раскрыць адмовіліся.

«Калі мы даехалі да Беларусі, то аказалася, што замест Магілёва кіроўцы вырашылі паехаць у Гомель, — кажа Вольга. — А калі мы пацікавіліся, што адбываецца, то пачулі, што гэта ня наша справа. І там, маўляў, жыве адзін з кіроўцаў, і ён едзе дадому. У Гомлі высадзілі кіроўцу, іншы яшчэ гадзіну нас вазіў па горадзе, выгружаў нешта, торбы нейкія раздаваў. У выніку мы прыехалі дадому на 12 гадзін пазьней, чым было па графіку».

«Іншых магчымасьцяў трапіць на мора за такія грошы няма»

Турыстаў усё гэта настолькі абурыла, што яны сабраліся пісаць скаргу на турфірму ў Міністэрства спорту і турызму. Вольга кажа, што людзі настроеныя рашуча і зьбіраюцца дамагацца, каб яе пазбавілі ліцэнзіі.

Турфірму для паездкі Вольга шукала праз інтэрнэт. Аўтобусны тур, па яе словах, выбралі праз жаданьне пабачыць Ваенна-Грузінскую дарогу. Каштавала ўсё амаль 400 даляраў з чалавека. На запыты Свабоды ў турфірме не адказалі.

Як расказаў РС супрацоўнік адной зь беларускіх турфірмаў, аўтобусныя паездкі ў Грузію сёлета карыстаюцца ў беларусаў вялікай папулярнасьцю, найперш таму, што каштуюць адносна няшмат. Апэратары не спраўляюцца з попытам, адсюль мноства праблем пры арганізацыі падобных тураў.

«Аўтобусныя туры ў Грузію зь Беларусі існавалі заўсёды, — кажа суразмоўца. — Але зараз гэта вельмі папулярны кірунак, бо іншых проста няма магчымасьцяў трапіць на мора за такія грошы. Турэччына моцна падаражэла, Эгіпет увогуле каштуе неабгрунтавана дорага праз новыя маршруты пералётаў. Людзі едуць па зямлі ў Батумі ў выніку. За 400 даляраў зараз і ў Беларусі не адпачнеш ужо. Добрага транспарту на ўсіх не хапае, адсюль мноства гісторый пра паломкі аўтобусаў і нізкі сэрвіс. Ён і ня можа быць інакшы, калі ў аўтобусах людзі па двое сутак у такіх умовах».

Па словах суразмоўцы, працяглыя аўтобусныя туры заўсёды былі самымі праблемнымі для арганізатараў, і за іх браліся толькі невялікія фірмы. Цяпер арганізацыяй такога адпачынку займаецца ўсё больш турфірмаў, бо іншых варыянтаў зарабіць на арганізацыі адпачынку проста не застаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG