Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцу турфірмы адправілі ў турму на 7,5 года. Яна слала кліентам фіктыўныя дакумэнты аб іх захворваньні на COVID-19


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў 37-гадовай прадстаўніцы турыстычнага агенцтва King Travel 7,5 года зьняволеньня і штраф 6400 рублёў за «махлярства ў асабліва буйным памеры», паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.

«Абвінавачаная Ш., якая дзейнічала ад уласнага імя ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама ад імя ІП Б. і турыстычнага агенцтва „King Travel“, у ходзе зносін празь перапіску ў мэсэнджарах „Viber“ і „Telegram“, у сацыяльнай сетцы „Instagram“, а таксама падчас тэлефонных размоваў увяла ў зман грамадзян, якія выказалі жаданьне ажыцьцявіць турыстычныя падарожжы ў розныя краіны сьвету», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Вярхоўнага суду.

Паводле абвінавачаньня, выконваць свае абавязаньні згодна з дамовай жанчына ня мела ані намеру, ані магчымасьці. Перад адпраўкай у абяцаны тур яна паведамляла кліентам, што яны заразіліся каранавірусам. У пацьвярджэньне прад’яўляла фіктыўныя вынікі лябараторных дасьледаваньняў, якія стварала сама. На гэтай падставе тур скасоўвалі ці пераносілі. Пры гэтым перадаплату жанчына ўжо была патраціўшы, у тым ліку на асабістыя патрэбы.

Агулам прадстаўніца турфірмы падманула больш за 100 чалавек. Сума сродкаў, якімі яна завалодала ці спрабавала завалодаць, склала 289 433 беларускіх рублёў 77 капеек.

Суд абвінаваціў прадстаўніцу турагенцтва ў махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК).

З улікам яе непагашанай суджанасьці ў 2020 годзе жанчыну асудзілі на 7,5 года зьняволеньня і штраф 6400 беларускіх рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG