Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Латвіі: Умовы легалізацыі ў Латвіі для беларусаў будуць прасьцейшыя, чым для расейцаў


Рыга
Рыга

Папраўкі да міграцыйнага заканадаўства Латвіі прадугледжваюць, што ўмовы легалізацыі для беларусаў будуць прасьцейшымі, чым для расейцаў, вынікае з заявы латвійскага міністра замежных спраў Эдгарса Рынкевічса 23 жніўня на выязным пасяджэньні ўраду.

Паводле слоў чыноўніка, у першую чаргу спрошчаныя ўмовы легалізацыі закрануць высокакваліфікаваных работнікаў зь Беларусі, паведамляе партал Delfi.

Мэр разьмешчанага непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю гораду Даўгаўпілс Андрэй Элксніньш на пасяджэньні Кабінэту міністраў спаслаўся на «апытаньне латгальскіх прадпрымальнікаў», паводле якога «бізнэсоўцаў турбуе ўплыў паправак да Закону аб іміграцыі на працоўную сілу». У прыватнасьці, ён заявіў пра неабходнасьць «прыцягненьня кампаніямі працоўнай сілы зь Беларусі».

У адказ на гэта Рынкевічс заявіў, што «правілы знаходжаньня ў Латвіі для грамадзян Расеі будуць больш строгія, чым для грамадзян Беларусі», паколькі «існуюць больш высокія рызыкі бясьпекі, зьвязаныя з грамадзянамі РФ».

Міністар унутраных спраў Крыстапс Экланс таксама заявіў, што высокакваліфікаваныя работнікі «будуць ацэньвацца асобна». Калі яны будуць «адпавядаць патрабаваньням», то «працоўныя візы гэтых людзей у Латвіі будуць працягнутыя».

Як паведамлялася, МУС Латвіі падрыхтавала папраўкі да міграцыйнага заканадаўства, якія прадугледжваюць, што грамадзянам Расеі і Беларусі да 30 чэрвеня 2023 году ня будуць падаўжаць часовы від на жыхарства. Законапраект плянуецца разгледзець на наступным тыдні.

Разам з тым, паводле інфармацыі міністэрства, зьмены «не абмяжуюць магчымасьць для прадстаўнікоў апазыцыі Беларусі атрымліваць візы або часовы ВНЖ з гуманітарных прычын».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG