Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбухі ў Саках маглі зьнішчыць больш за 50% чарнаморскай вайсковай авіяцыі Расеі


Вайсковы аэрадром «Сакі» пасьля выбухаў 9 жніўня. Спадарожнікавыя здымкі.
Вайсковы аэрадром «Сакі» пасьля выбухаў 9 жніўня. Спадарожнікавыя здымкі.

Выбухі на крымскім вайсковым аэрадроме «Сакі» недалёка ад пасёлку Навафёдараўка маглі зьнішчыць або вывесьці са строю больш за палову ўсёй чарнаморскай вайскова-марской авіяцыі Расеі.

Пра гэта агенцтву Reuters паведаміла крыніца ў эўрапейскіх афіцыйных колах. Яна таксама лічыць, што пасьля такой страты расейскім войскам стане нашмат складаней пагражаць з анэксаванага Крыму ўкраінскім прычарнаморскім гарадам, напрыклад Адэсе.

Крыніца, якая пажадала застацца ананімнай, таксама лічыць, што Ўкраіна дасягае «кумулятыўнага эфэкту», паражаючы вайсковую інфраструктуру арміі Расеі ў тыле. Гэта можа ня толькі аслабляць матэрыяльнае забесьпячэньне расейскіх войскаў, але і аказваць псыхалягічны эфэкт на расейскія ўлады.

«Ананімнымі крыніцамі ў эўрапейскіх афіцыйных колах» у выпадку ваенных камэнтароў СМІ часьцей за ўсё называюць супрацоўнікаў выведак і іншых вайсковых спэцслужбаў заходніх краін.

Раней Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ацаніла страты расейскай авіяцыі пры выбуху пад Навафёдараўкай у як мінімум пяць бамбавікоў Су-24 і тры Су-30.

  • Сэрыя выбухаў на авіябазе «Сакі» адбылася раніцай 9 жніўня. Загінуў адзін чалавек. Украіна не ўзяла на сябе афіцыйнай адказнасьці за здарэньне. Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што ня выявіла прыкметаў зьнешняга ўзьдзеяньня, і назвала ў якасьці магчымай прычыны парушэньне тэхнікі бясьпекі, якое выклікала дэтанацыю боепрыпасаў.
  • 16 жніўня яшчэ дзьве сэрыі выбухаў адбыліся на іншых вайсковых базах у анэксаваным Крыме — на аэрадроме ў пасёлку Гвардзейскае пад Сімфэропалем і на складзе боепрыпасаў у вёсцы Майскае пад Джанкоем.
  • 19 жніўня Масква афіцыйна абвясьціла пра зьмену камандуючага расейскім Чарнаморскім флётам, якому падпарадкоўваецца і вайскова-марская авіяцыя.
  • Дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк расказаў у камэнтары брытанскай The Guardian, што ўкраінскія спэцслужбы маюць намер бліжэйшыя некалькі месяцаў атакаваць лініі забесьпячэньня расейскай арміі — склады боепрыпасаў, вайсковыя базы, чыгуначныя лініі і электрасеткі — каб падарваць лягістыку і «пасеяць хаос» унутры расейскіх войскаў, пазбавіўшы іх боепрыпасаў і неабходнага забесьпячэньня. Аднак ён не прызнаў наўпрост выбухі на расейскіх базах у Крыме вынікам дзеяньняў ЗСУ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG