«Вы ня думайце, што я тут пляную нейкі напад, вось Украіну будзем бамбаваць з тэрыторыі Беларусі і гэтак далей, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Няма ў мяне ніякага жаданьня, каб вашы і мае дзеці ваявалі. У імя чаго? Нам трэба ўціхамірыцца».
Разам з тым ён сьцьвярджае, што «ніякая Ўкраіна не ваюе сёньня». «Сёньня з Расеяй ваюе ўвесь блёк NATO і Амэрыка найперш», — заявіў Лукашэнка.
На ягоную думку, «Эўропа б ужо даўно спыніла гэтую вайну», калі б «ЗША не працягвалі з дапамогай Польшчы падганяць баявыя дзеяньні».
Лукашэнка сказаў, што Беларусь «стала прытулкам для тысяч украінцаў», якія цяпер атрымліваюць беларускае грамадзянства.
«Як яны працуюць! І рады. Чаму? Бо яны гора перажылі, яны перанесьлі вайну. І гэта нашы людзі. Мы іх не павінны крыўдзіць», — заявіў ён.
Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 19 жніўня, 46 841 украінскі грамадзянін прыбыў у Беларусь з 24 лютага.
15 жніўня Лукашэнка надаў беларускае грамадзянства 341 ураджэнцу Ўкраіны.
- 24 лютага Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней, актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
- 21 ліпеня ў інтэрвію францускаму інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс» Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што зь Беларусі ва Ўкраіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расейскіх войскаў. Пазьней паўночныя тэрыторыі Ўкраіны былі вызваленыя.