Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт на 2 мільярды. За паўгода ЭЗ стаў закупляць удвая менш беларускіх тавараў


У чэрвені ЭЗ закупіў беларускіх тавараў на 225,5 мільёна эўра — гэта ў 2,2 раза менш, чым у студзені.

Больш за 2 мільярды эўра — на такую суму Беларусь прадала тавараў у ЭЗ за паўгода: са студзеня па чэрвень, вынікае з дадзеных статыстычнага офіса Эўрапейскага Зьвязу, якія атрымала Радыё Свабода.

Пры гэтым аб’ёмы зь месяца ў месяц скарачаліся, за паўгода ЭЗ стаў набываць тавараў у Беларусі ў 2,2 раза меней: з 512,6 мільёна эўра ў студзені да 225,5 мільёна эўра ў чэрвені.

Якія беларускія тавары набывалі ў ЭЗ

Найбольш значная катэгорыя тавараў, якую ЭЗ набываў у Беларусі ў чэрвені, — прадукты хімічнай вытворчасьці. Іх набылі на 28,4 мільёна эўра за месяц. У папярэднія месяцы самай значнай катэгорыяй была драўніна і вырабы зь яе, але ў чэрвені іх набыцьцё скарацілася ў 8,2 раза ў параўнаньні з траўнем. Гэтая катэгорыя тавараў падпала пад санкцыі ЭЗ. У чэрвені дрэва і прадуктаў зь яго набылі толькі на 20 мільёнаў эўра — супраць 166 мільёнаў у траўні. Агулам за паўгода ў ЭЗ набылі зь Беларусі дрэва і прадуктаў зь яго на 653,7 мільёна эўра.

Таксама шмат набывалі ў ЭЗ машын і мэханічнага абсталяваньня — на 23,4 мільёна эўра ў чэрвені (на працягу паўгода месячныя сумы па гэтай катэгорыі блізкія), а таксама мінэральных прадуктаў — на 20,5 мільёна эўра ў чэрвені.

За паўгода машын і абсталяваньня ЭЗ завёз зь Беларусі на 117,7 мільёна эўра, мінэральных прадуктаў — на 329,7 мільёна эўра.

Якія з краін ЭЗ найбольш набывалі тавараў зь Беларусі

Самыя буйныя пакупнікі тавараў зь Беларусі ў краінах ЭЗ за першае паўгодзьдзе сёлета:

  • Літва — на 709 мільёнаў эўра
  • Польшча — на 700 мільёнаў эўра
  • Нямеччына — на 254,8 мільёна эўра
  • Латвія — на 215,6 мільёна эўра

Што ЭЗ пастаўляў у Беларусь і на якія сумы

За паўгода ЭЗ паставіў у Беларусь тавараў на 2,4 мільярда эўра. За 6 месяцаў пастаўкі тавараў з ЭЗ у Беларусь скараціліся ня так значна: 435 мільёнаў эўра ў студзені і 404 мільёны эўра ў чэрвені.

Самая вялікая па аб’ёме катэгорыя — машыны і мэханічнае абсталяваньне. Гэтых тавараў Беларусь набыла ў ЭЗ на 534 мільёны эўра за паўгода.

На другім месцы — прадукты хімічнай вытворчасьці: 530 мільёнаў эўра за паўгода. На трэцім месцы — транспартныя сродкі, судны і абсталяваньне для іх — на 281 мільён эўра за паўгода.

Найбольш Беларусь набывала тавараў за гэтыя паўгода ў:

  • Польшчы — на 605 мільёнаў эўра
  • Нямеччыне — на 479 мільёнаў эўра
  • Літве — на 435 мільёнаў эўра

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG