Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Вялікай Брытаніі: напад Расеі на Адэсу нэўтралізаваны. Найбольш гарачыя баі ідуць на ўсходзе Ўкраіны


Адэская опэра перад імаверным наступам расейцаў
Адэская опэра перад імаверным наступам расейцаў

Апошнія суткі ва Ўкраіне былі ці не самымі спакойнымі з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня: інтэнсіўнасьць абстрэлаў зьменшылася, але ўзмацніліся баі на Луганскім і Данецкім кірунку.

Міжнародныя экспэрты сьцьвярджаюць, што ёсьць перадумовы для пералому ў вайне: Расея страчвае наступальны патэнцыял і спрабуе ўтрымаць ужо занятыя пазыцыі.

Найбольш горача — у Бахмуце на Данеччыне

Упершыню за некалькі апошніх тыдняў ноч у Мікалаеве і вобласьці прайшла ціха. Напярэдадні ў вобласьці расейцы абстралялі тры населеныя пункты Баштанскага раёну — загінуў адзін мясцовы жыхар і яшчэ адзін атрымаў раненьні.

Захоўваецца інтэнсіўнасьць абстрэлаў Нікапальскага раёну Днепрапятроўскай вобласьці — расейцы выпусьцілі па населеных пунктах 40 рэактыўных снарадаў з «Градаў» і дзесяць — са ствольнай артылерыі. Яны пацэлілі ў жылы сэктар, гаспадарчыя забудовы і два склады са збожжам. Перабітыя лініі электраперадач і газапровад.

У выніку абстрэлаў Харкава і Харкаўскай вобласьці атрымалі раненьні дзевяць мірных жыхароў, 75-гадовую жанчыну не змаглі выратаваць.

Баявыя дзеяньні ідуць непадалёк ад Харкава, у Луганскай і Данецкай абласьцях.

Як паведамляе Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, расейскія войскі мелі невялікую перавагу ў Мар’інскім раёне Данецкай вобласьці. На іншых кірунках украінскае войска спыніла іх наступ.

Улады Луганскай вобласьці сьцьвярджаюць, што ўкраінцы адбілі ўзмоцнены наступ расейцаў з боку Лісічанскага нафтаперапрацоўчага заводу. Але расейскія войскі працягваюць атакі на іншых кірунках — Славянскім і Бахмуцкім.

Міжнародныя экспэрты гавораць пра раскол у сілах пад расейскім кіраўніцтвам

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвяртаюць увагу на ўзмацненьне тэндэнцыі сярод мабілізаваных на акупаваных тэрыторыях Луганскай вобласьці аб нежаданьні ваяваць за межамі гэтак званай «ЛНР». І гэта, на думку экспэртаў, сьведчыць аб расколе сілаў, якія ваююць пад расейскім кіраўніцтвам.

«Гэтая тэндэнцыя асабліва небясьпечная для расейскіх сілаў, якія імкнуцца завэрбаваць яшчэ больш новых вайскоўцаў з Луганскай вобласьці, каб кампэнсаваць нядаўнія страты. Далейшы раскол у сілах пад кіраўніцтвам Расеі таксама пагражае далейшымі перашкодамі для эфэктыўнасьці расейскіх ваенных спробаў», — адзначаюць экспэрты.

Ліквідацыя базы вагнэраўцаў у Папаснай — містыфікацыя?

Расейская служба BBC News піша, што зьнішчэньне базы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» у Папаснай Луганскай вобласьці магло справакаваць кіраўніцтва вагнэраўцаў для высьвятленьня пазыцый украінскіх войскаў, якія атрымалі на ўзбраеньне амэрыканскія ўстаноўкі HIMARS.

Журналісты лічаць, што для гэтага карэспандэнты прыватнай вайсковай кампаніі наўмысна апублікавалі фота базы ў Папаснай і яе ўласьніка Яўгенія Прыгожына.

Расейская служба BBC News зьвязвае жаданьне кампаніі «Вагнэр» зьнішчыць амэрыканскія ўстаноўкі, перададзеныя Ўкраіне, зь неабходнасьцю аднавіць давер расейскіх уладаў да Яўгенія Прыгожына, які нібыта зьнізіўся пасьля затрыманьня трох супрацоўнікаў мэдыягрупы Прыгожына «Патрыёт». Затрыманыя нібыта актыўна крытыкавалі міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, сьпікера Дзярждумы Вячаслава Валодзіна і Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта.

Атака расейцаў на Адэсу пакуль немагчымая

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што Чарнаморскі флёт Расеі працягвае выкарыстоўваць крылатыя ракеты, каб падтрымаць наземныя апэрацыі на поўдні Ўкраіны, але больш не кантралюе Чорнага мора.

Паводле брытанскай выведкі, страта Расеяй флягмана «Масква», значнай часткі баявых самалётаў марской авіяцыі і кантролю над Зьмяіным востравам падрываюць агульную стратэгію ўварваньня Расеі, у тым ліку і таму, што «марская пагроза Адэсе цяпер у значнай ступені нэўтралізаваная».

«Гэта азначае, што Ўкраіна можа адцягнуць рэсурсы для павелічэньня ціску на сухапутныя войскі Расеі ў іншых кірунках», — мяркуе выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG