Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ унесьлі прапанову аб забароне выдачы шэнгенскіх візаў грамадзянам Расеі


Пашпарт Расеі. Ілюстрацыйнае фота.
Пашпарт Расеі. Ілюстрацыйнае фота.

У ЭЗ пачалі абмяркоўваць прапанову аб забароне выдачы шэнгенскіх візаў грамадзянам Расеі.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на свайго карэспандэнта.

Раней BBC, «Медуза» і іншыя выданьні напісалі пра гэта са спасылкай на заяву афіцыйнага прадстаўніка кабінэта міністраў Нямеччыны Штэфэна Хэбэштрайта.

Паводле яго слоў, праект унесены некаторымі краінамі ЭЗ і «знаходзіцца на парадку дня». Хэбэштрайт не ўдакладніў, якія менавіта краіны ўнесьлі такую прапанову.

Акрамя таго, ТАСС паведаміў са спасылкай на заяву прадстаўніка МЗС Нямеччыны, што размова ідзе аб забароне на выдачу візаў ня толькі турыстам, але і журналістам, дысыдэнтам і сваякам грамадзян краін ЭЗ. Гэтая ініцыятыва будзе абмяркоўвацца напрыканцы жніўня ў Празе на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ.

Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру правоў чалавека Генцкага ўнівэрсытэту і кандыдат юрыдычных навук Ейльскай школы права Сара Гранці сказала BBC, што ні ў візавым кодэксе ЭЗ, ні ў Шэнгенскім пагадненьні няма палажэньня, якое дапускае поўную забарону на выдачу візаў для грамадзян адной канкрэтнай краіны.

ЭЗ з 26 лютага прыпыніў спрошчаны візавы рэжым з Расеяй. Пасольствы і візавыя цэнтры шэрагу эўрапейскіх краін абмежавалі або поўнасьцю спынілі афармленьне кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў расейцам.

За тое, каб расейцам перасталі выдаваць турыстычныя візы на агульнаэўрапейскім узроўні, выступалі Польшча і Фінляндыя. А кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу трэцяга жніўня паведаміў, што Талін вынесе такую прапанову на разгляд ЭЗ на працягу бліжэйшага тыдня. У той жа час у Эўракамісіі выключылі поўнае спыненьне выдачы візаў расейцам, бо гэта супярэчыць нормам ЭЗ.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію выданьню The Washington Post заявіў, што санкцыі Захаду супраць Расеі слабыя і больш дзейсным было б закрыць межы эўрапейскіх дзяржаў і ЗША для расейцаў на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG