Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча спрашчае працэдуру легалізацыі пражываньня для беларусаў з гуманітарнымі візамі


Прэзыдэнцкі палац у Варшаве
Прэзыдэнцкі палац у Варшаве

Пра гэта паведамляе партал польскага ўраду.

З 9 ліпеня гэтага году ўступае ў сілу аблегчаная працэдура атрыманьня дазволу на часовае пражываньне для беларускіх грамадзян, якія пражываюць у Польшчы на падставе так званых гуманітарных візаў. Магчымасьць спрошчанай легалізацыі пражываньня — гэта яшчэ адна праява асаблівай падтрымкі Польшчай беларускага народу, які перажывае рэпрэсіі ў сваёй краіне са жніўня 2020 году, гаворыцца ў тлумачэньні.

9 ліпеня 2022 году ўступіць у сілу пастанова, якая дазволіць грамадзянам Беларусі зьвяртацца па новы від дазволу на часовае пражываньне. Ён прадугледжаны для асобаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы на падставе нацыянальных візаў, выдадзеных з мэтай прыезду па гуманітарных прычынах, у сувязі зь дзяржаўнымі інтарэсамі ці міжнароднымі абавязаньнямі.

Умовай для атрыманьня гэтага віду дазволу на часовае пражываньне зьяўляецца тое, што грамадзянін Беларусі пражываў на тэрыторыі Польшчы на падставе такой нацыянальнай візы непасрэдна перад падачай заявы на атрыманьне гэтага дазволу.

«Такі від на жыхарства будзе выдавацца ў сувязі з тым, што грамадзянін, які зьвяртаецца, ня можа вярнуцца ў Беларусь. І ён выключае магчымасьць вандровак у Беларусь. Парушэньне гэтага правіла можа быць расцэнена польскімі ўладамі як парушэньне правілаў выдачы гэтых візаў і вам можа пагражаць штраф з забаронай на ўезд у ЭЗ», — паведаміла пазьней прадстаўніца Офісу Ціханоўскай Крысьціна Рыхтэр.

Новы шлях легалізацыі пражываньня для грамадзян Беларусі мае наступныя перавагі:

  • дазвол будзе выдавацца адразу на 3 гады;
  • атрыманьне дазволу ня будзе суправаджацца абавязкам сплаты гербавага збору;
  • плата ня будзе спаганяцца пры выдачы «карты побыту» (дазволу на часовае пражываньне) асобе, якая атрымала такі дазвол;
  • уладальнік такога віду дазволу на часовае пражываньне будзе вызвалены з абавязку мець дазвол на працу.

З 1 студзеня 2023 году ўладальнік гэтага віду дазволу на часовае пражываньне будзе мець магчымасьць падаваць заяву на атрыманьне польскага падарожнага дакумэнту для іншаземца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG