Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былой супрацоўніцы расейскага Першага каналу пагражае да 10 гадоў зьняволеньня за плякат «Пуцін — забойца»


Марыя Аўсяньнікава
Марыя Аўсяньнікава

Сьледчы камітэт Расеі ўзбудзіў справу аб фэйках пра армію на былую рэдактарку Першага каналу Марыну Аўсяньнікаву за яе пікет каля Крамля з плякатам «Пуцін — забойца, яго салдаты — фашысты. 352 дзіцяці загінулі. Колькі яшчэ павінна загінуць дзяцей, каб вы спыніліся?».

Пра гэта Аўсяньнікава напісала ў сваім тэлеграм-канале.

Аўсяньнікаву затрымалі, паведаміў яе адвакат. Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Раніцай 10 жніўня ў яе доме ў Маскве прайшоў ператрус.

15 ліпеня Аўсяньнікава зладзіла адзіночны пікет на фоне Крамля, разгарнуўшы плякат з надпісам «Пуцін — забойца, яго салдаты — фашысты» і фатаграфіямі загінулых ва Ўкраіне дзяцей. Тады яе не затрымлівалі.

Марына Аўсяньнікава стала вядомая ў сакавіку пасьля антываеннай акцыі ў жывым этэры праграмы «Время», у якой яна працавала. Тады яна падчас выпуску навін выйшла ў кадар з антываенным плякатам.

Суд аштрафаваў Марыну Аўсяньнікаву на 30 тысяч рублёў, прызнаўшы вінаватай у «арганізацыі альбо правядзеньні публічнага мерапрыемства без падачы апавяшчэньня».

Пасьля гэтага Аўсяньнікава звольнілася зь Першага каналу і некалькі месяцаў правяла за мяжой, у тым ліку ва Ўкраіне, ня раз асуджаючы вайну.

У ліпені суд абавязаў журналістку выплаціць 50 тысяч рублёў з прычыны яе прамовы ў судзе падчас абраньня меры стрыманьня палітыку Ільлі Яшыну. Яе прызналі вінаватай у дыскрэдытацыі арміі. Тады Аўсяньнікава назвала вайну «самым жудасным злачынствам XXI стагодзьдзя».

8 жніўня суд аштрафаваў Аўсяньнікаву яшчэ на 40 тысяч расейскіх рублёў па справе аб дыскрэдытацыі арміі за пост у Фэйсбуку.

  • Законы аб фэйках і аб дыскрэдытацыі арміі былі прынятыя неўзабаве пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. За распаўсюд фэйкаў можна атрымаць да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Дзеяньні, накіраваныя на дыскрэдытацыю арміі, зьдзейсьненыя ўпершыню, лічацца адміністрацыйным правапарушэньнем; за паўторную дыскрэдытацыю прадугледжана крымінальная адказнасьць — да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG