Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая сярод роўных: вынікі віленскай канфэрэнцыі ў ацэнках экспэртаў


Зьлева направа: Павал Латушка, Аляксандар Азараў, Валер Сахашчык, Сьвятлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі ў канцы канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні. 9 жніўня 2022 г.
Зьлева направа: Павал Латушка, Аляксандар Азараў, Валер Сахашчык, Сьвятлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі ў канцы канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні. 9 жніўня 2022 г.

Ці прывядзе стварэньне пераходнага кабінэту да зьмяншэньня звадаў сярод дэмакратычных сілаў? Які ўплыў на сытуацыю ў Беларусі будзе мець зьяўленьне гэтай інстытуцыі? Ці быў на віленскай канфэрэнцыі «Новая Беларусь» зроблены выбар на карысьць сілавых мэтадаў барацьбы?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), культуроляг Вадзім Мажэйка і гісторык Аляксандар Пашкевіч.

Што адбылося ў Вільні

У канцы другога дня форуму Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні аб’яднанага пераходнага Кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусі, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць захады для спыненьня незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

Гэтага патрабавалі ад яе многія іншыя апазыцыйныя фігуры.

Першыя ключавыя прадстаўнікі Кабінэту прызначаныя цяпер тэрмінам на 6 месяцаў, для наступнага ўзгадненьня іх будучым прадстаўнічым органам. У складзе Кабінэту будуць працаваць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту ў транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — у аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — у замежных справах;
  • Валер Сахашчык — прадстаўнік Кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы.

«Цяпер гэта наша агульная каманда. У выпадку маёй адсутнасьці маімі намесьнікамі будуць Павал Латушка і Валер Кавалеўскі», — заявіла Ціханоўская.

Ці паспрыяла канфэрэнцыя вырашэньню крызісу ў пратэставай частцы беларускага грамадзтва?

Аляксандар Пашкевіч

Аляксандар Пашкевіч
Аляксандар Пашкевіч
  • У тых колах, якія атрымалі месцы ў пераходным кабінэце, на пэўны час звадаў і канфліктаў будзе менш. Але асноўны хэйт апошнім часам несла групоўка, увасобленая ў Валеру Цапкалу і Вользе Карач. Яны праводзілі свае форумы і закідалі Сьвятлане Ціханоўскай розныя абвінавачаньні.
  • Іхная групоўка ў кабінэце месцаў не атрымала, напэўна, ня надта да гэтага і імкнулася. Таму мяркую, што звадаў і скандалаў менш ня стане.
  • Але задаволеныя амбіцыі Паўла Латушкі, прынамсі, на пэўны час. Ён цяжкавагавік у апазыцыйнай супольнасьці. Атрымалі сваё людзі, якія займаюцца сілавікамі і сілавымі пытаньнямі. Прынамсі, менш будзе нараканьняў на Ціханоўскую, што яна не займаецца сілавым блёкам.

Вадзім Мажэйка

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка
  • Ва ўсіх сварках і хэйтах ёсьць дзьве хвалі. Ёсьць хэйтэры, якія заўсёды зьбіраюцца вакол пасьпяховага праекту, ня маючы ніякіх уласных рэсурсаў — ні рэпутацыйных, ні кадравых, ні фінансавых. Або маюць іх значна менш, чым амбіцыяў. І такія людзі заўсёды будуць мітусіцца і крытыкаваць. Іх мэты недасягальныя ў прынцыпе. І яны найбольш гучныя і заўважныя.
  • Але за 2 гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў назапасілася і іншай крытыкі ад тых людзей, якія хацелі ад офісу Ціханоўскай большай інклюзіўнасьці і празрыстасьці.
  • Офіс Ціханоўскай — гэта правобраз яе адміністрацыі. А тут створаная структура, у якой прадстаўленыя палітыкі з розных плыняў.
  • Ціханоўская і яе офіс пачулі крытыку наконт недахопу празрыстасьці ды інклюзіўнасьці і адрэагавалі на яе. Склад кабінэту стаў да пэўнай ступені кампрамісам.
  • Мяркую, што пэўная частка сварак супакоіцца.

Чым будзе займацца кабінэт, які ня ёсьць урадам у выгнаньні?

Мажэйка

  • Вельмі лёгка назваць сябе ўрадам у выгнаньні. Пройдзе пару месяцаў, ніхто яго не прызнае, ня дасьць яму паўнамоцтваў, і атрымаецца пшык. І будзе вельмі няёмка. І таму ня дзіўна, што гэтага не адбылося. І Ціханоўская не называе сябе прэзыдэнткай, і кабінэт не назвалі ўрадам. Пры размовах пра ўрад у выгнаньні многія прыгадваюць Раду БНР, якая таксама ёсьць урадам у выгнаньні. А калі б быў створаны яшчэ адзін, то пытаньне, ці прызнала б яго хаця б існая Рада БНР.
  • Крытыкі ідэі ўраду ў выгнаньні задавалі пытаньні — што вы зможаце рабіць пры наяўнасьці такога ўраду, чаго ня можаце рабіць пры яго адсутнасьці?
  • У кабінэт уключылі людзей, схільных і здольных нешта рабіць. Латушка — самы топавы чыноўнік, які пайшоў з сыстэмы. Ёсьць спадзяваньні, што ён будзе займацца камунікацыяй з чыноўнікамі. ByPol займаўся плянам «Перамога», здабываў выцекі аўдыёгутарак сілавікоў, рабіў дасьледаваньні. І яны не чакалі, каб Ціханоўская ім дала дазвол.
  • Магчыма, Сахашчык зможа кансалідаваць сілавы кампанэнт.

Якім будзе «рэха» ў Беларусі ад стварэньня кабінэту?

Пашкевіч

  • Я схільны пагадзіцца з Шрайбманам, што вялікага значэньня стварэньне кабінэту мець ня будзе. Магчымасьці палітыкаў у эміграцыі аб’ектыўна абмежаваныя. «Чароўнай палачкі», на жаль, у іх няма. Дзеяньні, якія мог рабіць офіс Ціханоўскай, а цяпер будзе рабіць кабінэт, — гэта найперш дзеяньні па-за межамі Беларусі.
  • Калі Сахашчык будзе займацца стварэньнем узброеных сілаў, гэта будзе рабіцца за межамі Беларусі, хутчэй за ўсё, ва Ўкраіне. Тое, што Азараў заняў пасаду ў кабінэце, наўрад ці паўплывае на паводзіны людзей у Беларусі.
  • Днямі зьявіліся аналітычныя матэрыялы Андрэя Дынько і Аляксандра Класкоўскага, у якіх канстатавалася, што тыя, хто можа нешта рабіць, гэта і рабілі.
  • Адной з галоўных прычын Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі ў 1917 годзе была вайна, у якую Расея ўлезла. Цяпер каля межаў Беларусі адбываецца маштабны рэгіянальны канфлікт, які можа перарасьці ў сусьветны.
  • Шмат што залежыць не ад дзеяньняў беларускіх палітыкаў, а ад міжнароднай ваенна-палітычнай сытуацыі. На пачатку году яна была адна, пасьля 24 лютага — іншая, увосень сытуацыя можа зноў істотна зьмяніцца. Гэта ўплывае і на ўнутрыпалітычную сытуацыю.

Ці зрабіла віленская канфэрэнцыя стаўку на нямірныя шляхі барацьбы?

Мажэйка

У 2020 годзе пратэст быў мірны не таму, што беларусы натхняліся мэтадычкамі Шарпа, а таму, што да гэтага тады было гатовае грамадзтва. Да таго ж сапраўды некаторыя здымалі абутак, калі ставалі на лавачкі. Але было і такое, што міліцыю камянямі закідвалі. 12–13 жніўня былі жаночыя акцыі, але ўвечары ў гэтыя ж дні каля «Рыгі» ў Менску былі сапраўдныя вулічныя баі.

Цяпер грамадзкая дыскусія мілітарызуецца, гэта і ня дзіўна падчас вайны.

Гэта штучная дылема — пратэст мірны альбо нямірны. Неабавязкова, каб усе пратэставалі аднолькава. Ёсьць людзі, якія ніколі ня будуць ужываць гвалт. Але гэта не выключае, што пратэст можа мець і іншы складнік. Мяркую, што і наступны пратэст у Беларусі будзе збольшага мірны, але гэта не выключае і нямірных элемэнтаў, да якіх будуць падрыхтаваныя людзі, скажам, тыя, якія ўдзельнічаюць у пляне «Перамога».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG