Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рэвалюцыя страціла жаночае аблічча?


На канфэрэнцыі ў Вільні, зьлева направа: Аляксандар Азараў, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык
На канфэрэнцыі ў Вільні, зьлева направа: Аляксандар Азараў, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык

Два гады запар я чую, што ў беларускай рэвалюцыі жаночае аблічча. Але «новая Беларусь», мяркуючы па канфэрэнцыі з аднайменнай назвай, плянуецца як стары добры мужчынскі клюб зь невялічкім жаночым дадаткам. Сьпікерак гэтага мерапрыемства можна палічыць на пальцах.

Вы можаце сказаць, што «цяпер ня час для гэтай тэмы» ці нагадаць, што прагаласавалі ў 2020 беларусы і беларускі за жанчыну Сьвятлану Ціханоўскую, ці што найбольш увагі ў першы дзень канфэрэнцыі атрымала іншая жанчына — Вераніка Цапкала. І ўвага гэтая была зусім не камплімэнтарная.

Па кожным з гэтых пунктаў можна разьвіваць асобную дыскусію, але відавочна: калі замяніць у гэтых контраргумэнтах жанчын на мужчын, дыскусій не атрымаецца ўвогуле. Так проста не бывае — ніхто ніколі не аргумэнтуе нізкае мужчынскае прадстаўніцтва тым, што хоць кагосьці ж запрасілі ці што галоўны выступоўца мерапрыемства — мужчына, а значыць, і хопіць.

Можна правесьці сотню такіх канфэрэнцый і вельмі доўга і рознабакова разважаць пра тое, як трэба будаваць новую Беларусь. Але пакуль гэтыя развагі на 80% гучаць з мужчынскіх вуснаў, гэта будзе бег па коле. Нічога новага ў падыходзе «мужчыны вырашаюць за ўсіх» няма. Гэта стары нядобры патрыярхат, якому дакладна ня месца ў будучай Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі — гэта канцэнтрат таго, што называюць таксычнай маскуліннасьцю, і, як бачым, ні да чога добрага ягоны мачысцкі падыход не прывёў. Калі новае кіраўніцтва краіны будзе чарговым мужчынскім клюбам, фінал нас чакае прыблізна такі ж самы, які ўчыніў Лукашэнка са сваёй вернай гвардыяй. Адкуль узяцца іншаму фіналу, калі новы рэжым будзе заснаваны на тых жа базавых каштоўнасьцях, што і папярэдні?

Ведаеце, мне даволі непрыемна пісаць гэты тэкст. Ужо 2022 год, а даводзіцца зноў і зноў тлумачыць, што жанчына — ня проста таксама чалавек, але і чалавек з такімі ж правамі, як і мужчына. І што аргумэнт «цяпер ня час пра гэта гаварыць» — гэта проста зручны спосаб пазьбягаць вострых тэм і важных трансфармацый.

Ва Украіне падчас поўнамаштабнай вайны ратыфікавалі Стамбульскую канвэнцыю, каб больш эфэктыўна змагацца з хатнім гвалтам і гвалтам, накіраваным супраць жанчын. Не сказалі, што трэба пачакаць, што спачатку перамога, а потым жаночае пытаньне. Бо такая лёгіка заходняй цывілізацыі — вы ня можаце спачатку дабіцца сусьветнага прызнаньня, а потым, можа, падумаць пра сацыяльныя катастрофы. Спачатку Стамбульская канвэнцыя, а потым ужо прызнаньне і ўваход у ЭЗ.

У нас, на жаль, гендэрныя пытаньні так і застаюцца ў статусе маргінальных. Імі зоймуцца калі-небудзь потым, але і гэта недакладна. Зрэшты, многія скажуць, што няма розьніцы, хто агучвае праблемы, — абы яны ўсё ж былі на слыху і вырашаліся. Толькі словы «якая розьніца хто» на самой справе значаць «якая розьніца хто, абы не жанчыны».

І няма ў гэтым нічога новага.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG