Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі настаўніцу па даносе вучняў асудзілі «за фэйкі»

Ірына Ген
Ірына Ген

Суд у расейскай Пензе прызнаў настаўніцу ангельскай мовы Ірыну Ген вінаватай у распаўсюджваньні фэйкаў пра расейскае войска па матывах палітычнай нянавісьці.

Ёй прызначылі пяць гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна і забаранілі выкладаць цягам трох гадоў. Пра гэта паведамляе «Мэдыязона» са спасылкай на рашэньне суду.

Згодна з прысудам, Ген, «адчуваючы стойкую непрыязь да прэзыдэнта Расеі», распаўсюдзіла заведама хлусьлівую інфармацыю «з мэтай фармаваньня ў навучэнцаў нэгатыўнага стаўленьня да прэзыдэнта і ўзброеных сілаў Расеі».

У прыватнасьці, Ген паведаміла вучням, што расейскія вайскоўцы разбамбілі радзільню ва ўкраінскім Марыюпалі, плянавалі зрынуць прэзыдэнта Ўкраіны, зьбілі малайзійскі пасажырскі самалёт, а таксама «займаюцца далучэньнем, захопам чужых і пашырэньнем сваіх тэрыторый». Ген віны не прызнала.

Падставай для справы стаў дыялёг Ген з васьміклясьніцай у сакавіку 2022 году. Падчас размовы Ген асудзіла расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Адзін з вучняў запісаў яе словы на дыктафон, аўдыёзапіс перадалі ў паліцыю. Празь дзесяць дзён на настаўніцу завялі крымінальную справу. На пачатку красавіка Ген звольнілася з вучэльні па ўласным жаданьні.

  • Расея ўварвалася ва Украіну 24 лютага 2022 году. Адразу пасьля гэтага расейскія ўлады ўнесьлі ў Крымінальны кодэкс артыкул аб публічным распаўсюдзе заведама хлусьлівай інфармацыі пра расейскае войска. За распаўсюджваньне «фэйкаў» пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Паводле зьвестак праваабарончага праекту «ОВД-Инфо», з пачатку вайны ў Расеі распачата ня менш як 74 справы аб распаўсюджваньні фэйкаў.
  • Фэйкамі пра войска расейскія ўлады лічаць любыя паведамленьні пра гібель мірных жыхароў у выніку ўдараў расейскіх вайскоўцаў. Паводле падлікаў ААН, з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 5300 мірных жыхароў.

XS
SM
MD
LG