Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах затрымалі дырэктара птушкафабрыкі: «Людзі ў балаклавах у кабінэце надзелі кайданкі і вывелі»


Прадукцыя птушкафабрыкі «Дружба». Ілюстрацыйнае фота
Прадукцыя птушкафабрыкі «Дружба». Ілюстрацыйнае фота

Васіль Маркевіч зьяўляецца чальцом Савету Рэспублікі, але гэта яму не дапамагло.

Паводле інфармацыі баранавіцкага сайту Intex-press, разам з гендырэктарам птушкафабрыкі «Дружба» Васілём Маркевічам затрымалі і галоўнага бухгальтара прадпрыемства.

Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманьне гендырэктара птушкафабрыкі «Дружба» няма. Але прозьвішча Маркевіча ўжо зьнікла з сайту прадпрыемства. У сьпісе кіраўніцтва ўвогуле няма пасады «гендырэктар», адразу пазначаны першы ягоны намесьнік Валер Самушчык, які дзейнічае «на падставе статуту і пратаколу паседжаньня назіральнай рады № 11 ад 29.07.2022».

Інфармацыю пра затрыманьне Васіля Маркевіча Intex-press пацьвердзілі некалькі крыніц, адна зь іх — у праваахоўных органах.

«У пятніцу, 29 ліпеня, днём былі затрыманыя сілавікамі гендырэктар птушкафабрыкі „Дружба“ і галоўны бухгальтар», — расказаў выданьню адзін з чытачоў. — Дырэктар зьяўляўся дэпутатам Савету Рэспублікі, але, як відаць, гэта яго ня выратавала».

«Прыйшлі людзі ў балаклавах, проста ў кабінэце надзелі кайданкі і вывелі», — паведаміў пазьней яшчэ адзін чалавек, а іншы работнік прадпрыемства сказаў, што Маркевіча «быццам бы затрымалі за хабар».

Intex-press зьвязаўся з Валерам Самушчыкам, каб даведацца, чаму зьнік Васіль Маркевіч і ці праўда, што яго затрымалі.

«Я ня буду нічога камэнтаваць. Я добра ведаю, што вы хочаце пачуць ад мяне. Ці вы думаеце, я ў замкнутай прасторы жыву?», — заявіў Валер Самушчык і паклаў трубку.

Птушкафабрыка «Дружба» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасьці мяса птушкі ў Беларусі. Васіль Маркевіч узначаліў яго ў 2003 годзе. У 2014 годзе Лукашэнка ўручаў яму падзяку за «значны ўклад у разьвіцьцё сельскагаспадарчай вытворчасьці». Маркевіч — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалер ордэна Працоўнай Славы.

Уваходзіць у цяперашні склад Савету Рэспублікі, Пастаянную камісію эканомікі, бюджэту і фінансаў, прадстаўляе Берасьцейскую вобласьць. Быў сэнатарам і ў мінулым скліканьні, да гэтага — дэпутатам Баранавіцкага раённага і Берасьцейскага абласнога саветаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG