Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да вайны Максім адчуваў сябе яшчэ цярпіма ў Лёндане». Пра новага адказнага за эканоміку ў адміністрацыі Лукашэнкі расказала ягоная маці


Максім Ермаловіч, архіўнае фота
Максім Ермаловіч, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 1 жніўня прызначыў намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі, адказным за эканоміку, Максіма Ермаловіча, які перад гэтым быў паслом Беларусі ў Вялікай Брытаніі. Ермаловіч заменіць Дзьмітрыя Крутога, якога адправілі амбасадарам у Расею.

Максіму Ермаловічу 45 гадоў. Ён родам зь Лепеля Віцебскай вобласьці. Ад 1999 году на дзяржаўнай службе. Спачатку працаваў у Дзяржаўным падатковым камітэце (сёньня Міністэрства па падатках і зборах).

Ад 2002 году — у структуры Міністэрства фінансаў. У 2011 годзе стаў намесьнікам міністра фінансаў. У 2018 прызначаны міністрам фінансаў, адпрацаваў на пасадзе менш за два гады. У 2020, яшчэ да жнівеньскіх падзей, адпраўлены амбасадарам Беларусі ў Вялікую Брытанію.

У СМІ Ермаловіча часта называлі прыхільнікам рынкавых рэформаў.

Свабода дазванілася ў Лепель да маці Максіма Ермаловіча Тамары Іванаўны, якая пагадзілася расказаць пра сябе і сына. Спадарыня Тамара кажа, што мае 47 гадоў лекарскага стажу, працавала тэрапэўтам. Яе муж Леанід працаваў у асноўным старшым мэханікам: спачатку ў лясгасе, а потым у дарожна-эксплюатацыйным упраўленьні. Цяпер абое на пэнсіі.

На некалькі гадоў сям’я зьяжджала на заробкі ў Лангепас, што ў Ханты-Мансійскай акрузе Расеі. Там бацька Ермаловіча працаваў на здабычы газу. Вяртацца ў Беларусь вырашылі, калі старэйшы сын канчаў 9 клясаў, бо не было даверу да тамтэйшай сыстэмы адукацыі.

«Максім у дзяцінстве пажыў на поўначы, там маразы па 50 градусаў, суровыя зімы. Ну нічога, адбылося гартаваньне, яно і цяпер яму дапамагае», — расказвае маці.

Школу Ермаловіч скончыў са срэбраным мэдалём, паступіў у Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, там адвучыўся два гады, як паступіла прапанова перавесьціся ў Акадэмію кіраваньня ў Менск. Хлопец скарыстаўся з такой магчымасьці. Маці кажа, што Максім ня надта марыў пра дзяржаўную службу, але само ўсё закруцілася. Пайшоў на практыку, а там і прапанавалі застацца.

«Захапляўся чытаньнем і па-беларуску, і па-расейску. Хадзіў у гурток караблебудаўніцтва. Але асноўнае ягонае хобі — гэта тэніс. І глядзіць, і гуляе. Як толькі пераехаў у Менск 19-гадовым хлопцам, то стаў амаль прафэсійна займацца тэнісам. У Англіі таксама хадзіў на корты. У іх надвор’е дазваляе, дык гуляў амаль увесь час на вуліцы, можа, апроч сьнежня і студзеня», — кажа Тамара Іванаўна.

У Максіма Ермаловіча добрая ангельская мова, вучыў яе самастойна, бо школьных ведаў не хапала. Працаваць у Лёндане, кажа маці Ермаловіча, сыну падабалася.

«Ну як сказаць... Абстаноўка вельмі складаная, стаўленьне кепскае цяпер да расейцаў і беларусаў. Цяжка працаваць, але неяк звыкся. Калі былі санкцыі, але не было вайны, то яшчэ цярпіма. Там жа ў Лёндане ведаеце колькі беларусаў, якія пасьля 2020 году зьбеглі, невыносна, што яны твораць там! Супрацоўніку зламалі нос, зьбілі. Потым ужо паставілі ахову, болей камэр. Не сказаць, каб вельмі камфортна было. Максіму не дасталася, пасла б яны пабаяліся чапаць».

Тамара Іванаўна кажа, што не асуджае людзей, якія пратэставалі ў 2020 годзе, бо ў кожнага можа быць свая думка, але ёй не падабаецца, калі нападаюць на супрацоўнікаў пасольстваў.

«У чым яны вінаватыя? Проста прадстаўляюць сваю краіну і народ. Я кепска стаўлюся да тых людзей, якія падпілі ў Лёндане і знайшлі „казлоў адпушчэньня“. У кожнага свой пункт гледжаньня, вы змагайцеся, а то паўцякалі, то ў Польшчу, то ў Літву, то ў Лёндан, і там вядуць барацьбу. У нас у Лепелі такіх ня вельмі шмат было. Прайшлі, канечне, але расказвалі, што былі праплачаныя, ня ведаю, колькі ім там давалі — па 5 рублёў. У нас народ за тое, што трэба працаваць і жыць. Канечне, страшна было ў 2020-м, любыя такія дзеяньні разбуральныя. Страшна было, цяпер стабільнасьць, а можа ўсё перавярнуцца. Дзякуй богу, цяпер усё ўціхамірылася», — кажа спадарыня Тамара.

Пра падзеі ва Ўкраіне маці чыноўніка размаўляць ня хоча: «У кожнага тут свая пазыцыя».

Максім імкнецца часьцей наведваць бацькоў у Лепелі, быў літаральна на гэтых выходных, перад прызначэньнем. Яму падабаецца адпачываць на мясцовых азёрах.

Раней у біяграфіях Ермаловіча пісалася, што ён нежанаты. Высьветлілася, што ў 2020 годзе ён зьмяніў свой статус.

«Ён жыў грамадзянскім шлюбам пятнаццаць гадоў, а калі ў Лёндан трэба было ехаць, то ўжо нікуды ня дзенесься, давялося жаніцца. Мяне, канечне, гэта абурала, а ён адказваў: „Ну якая розьніца, хіба штамп у пашпарце так важны?“. Нявестка добрая, безь вялікіх прэтэнзій. Яна таксама працавала ў Мінфіне. У Лёндане ўжо не працавала, а цяпер будзе бачна, куды ўладкуецца. Унукаў чакаць ужо ня будзем, не плянуюць яны», — расказвае спадарыня Тамара.

У Максіма Ермаловіча ёсьць двухпакаёвая кватэра на вуліцы Сухараўскай у Менску. Калі працаваў міністрам, то адзін год пражыў у службовым жыльлі ў Драздах. Маці кажа, што ў адрозьненьне ад старэйшага брата, які займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў Наваполацку, Максіма ў бізнэс ніколі не цягнула.

«Усіх грошай ня возьмеш, дый ня ў іх шчасьце. У бізнэсе таксама свае рызыкі ёсьць. Ён плянаваў пяць гадоў быць у Лёндане, але чалавек дзяржаўны. Вельмі хвалявалася за яго, калі ён у Англіі падчас пандэміі быў, а потым і астатняе пачалося... Мне спакайней, калі ён побач».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG