Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуму Расеі ўнесьлі законапраект аб забароне на ўсынаўленьне і перадачу пад апеку дзяцей-сіротаў грамадзянам «недружалюбных краінаў»


У Дзярждуму Расеі ўнесьлі законапраект, які забараняе ўсынаўляць і перадаваць пад апеку грамадзянам «недружалюбных краінаў» расейскіх дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дакумэнт апублікаваны на сайце ніжняй палаты Фэдэральнага Сходу РФ. Яго аўтары — кіраўнік фракцыі ЛДПР Леанід Слуцкі, старшыня камітэту ў пытаньнях сям’і, жанчын і дзяцей Ніна Астаніна, дэпутаты Барыс Чарнышоў, Дзьмітры Пяўцоў і Яна Лантратава.

У тлумачальнай запісцы да законапраекту гаворыцца, што перадача дзіцяці на выхаваньне ў семʼі грамадзянаў замежных дзяржаваў, якія ўваходзяць у пералік «недружалюбных», «відавочна, не адпавядае нацыянальным інтарэсам» Расеі.

«Ужо многія гады „калектыўны Захад“ падмяняе паняцьці дабра і зла, разбурае традыцыйныя сямейныя асновы і маральныя каштоўнасьці. „Хочаш перамагчы народ — выхавай яго дзяцей“. Перадача нашых дзяцей на выхаваньне ў „недружалюбныя краіны“ — гэта ўдар па будучыні нацыі», — сказана ў дакумэнце.

Па стане на пачатак 2021 году, як паведамляецца, на выхаваньні ў семʼях замежных усынавіцеляў знаходзіліся 17498 расейскіх дзяцей-сіротаў.

  • Сьпіс «недружалюбных» краінаў зьявіўся ў Расеі ў 2021 годзе. Першапачаткова туды ўвайшлі ЗША і Чэхія.
  • З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне і ўвядзеньня санкцыяў у дачыненьні да РФ сьпіс папоўнілі Канада, усе дзяржавы ЭЗ, Вялікая Брытанія, Украіна, Чарнагорыя, Швайцарыя, Альбанія, Андора, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Манака, Нарвэгія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Мікранэзія, Новая Зэляндыя, Сынгапур, Тайвань, а таксама Багамскія астравы і астравы Гэрнзі і Мэн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG