Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька 16-гадовага падлетка, у якога страляў экс-начальнік ГУБАЗіКа, папрасіў прабачэньня ў сілавіка за сына


Бацька падлетка зьлева
Бацька падлетка зьлева

Сваякі падлетка, які ўдзельнічаў у бойцы з былым кіраўніком ГУБАЗіК Андрэем Паршыным у менскім ЖК «Каскад», далі інтэрвію газэце «Мінская праўда».

Бацька падлетка расказаў, што на другі дзень пасьля інцыдэнту зьвярнуўся ў міліцыю, каб папрасіць прабачэньня ў іх супрацоўніка.

«Дзеці сапраўды неадэкватныя. Ну зразумела ж, што ён мог адрэагаваць. Правільна адрэагаваў. Наша сям’я прыносіць і прынесла яму ўжо прабачэньні за тое, што здарылася»,— сказаў «Мінскай праўдзе» бацька 16-гадовага падлетка Ўладзімер.

Па словах маці хлопца, яны хацелі «спакойна жыць», але «некаторыя інтэрнэт-рэсурсы» «сваімі небыліцамі» ім «гэтага не далі рабіць». Жанчына кажа, што СМІ хацелі «знайсьці нагоду і кінуць цень на праваахоўную сыстэму» і для гэтай мэты, на яе думку, выкарыстоўвалі іх сямʼю.

Бацька расказаў, што сам «не самы прыстойны чалавек у гэтай краіне, але радзіме ніколі ня здраджваў». Ён дадаў, што інфармацыя пра тое, што яго сын пасьля інцыдэнту апынуўся ў бальніцы, — «хлусьня з мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці».

«Хочам унесьці яснасьць: мы ніякім інтэрнэт-рэсурсам не давалі камэнтароў, сталі ахвярай сытуацыі, нас выкарыстоўвалі апазыцыйныя інфармацыйныя памыйніцы для дыскрэдытацыі праваахоўнікаў. Супрацоўнік міліцыі зрабіў усё правільна і ў межах сваёй кампэтэнцыі: у двары хуліганяць і паводзяць сябе супрацьзаконна, гэта трэба спыняць», — сказаў Уладзімер.

24 чэрвеня «Наша Ніва» напісала пра меркаваную стральбу ў менскім ЖК «Каскад» і датычнасьць да яе экс-кіраўніка ГУБАЗіК Андрэя Паршына, які цяпер служыць у міліцыі. Канфлікт адбыўся 21 чэрвеня. Як кажа адзін зь відавочцаў, Паршын спрабаваў разагнаць кампанію зь пяці падлеткаў, якія сядзелі каля падʼезда яго дома. Пасьля таго як сілавік зрабіў маладзёнам заўвагу, пачалася бойка, і мужчына «апынуўся на зямлі», кажа сьведка падзей.

Як дадае «Позірк» са спасылкай на жыхара «Каскада», у гэты час прагучаў хлапок, падобны да гук стрэлу. У выніку 16-гадовы Яўген атрымаў кулявое раненьне ў нагу, пісала «Наша Ніва». Пасьля чаго трапіў у вайсковы шпіталь, дзе перанёс дзьве апэрацыі. Паведамлялася таксама, што на падлетка завялі крымінальную справу па арт. 339 КК (хуліганства).

25 чэрвеня «Мінская праўда» апублікавала матэрыял, у якім расказвала меркаваную храналёгію здарэньня. Па вэрсіі выданьня, да таго як пачаць страляць, супрацоўнік міліцыі папярэдзіў пра гэта групу падлеткаў.

«Юнак з кампаніі стаў за сьпінай міліцыянта, а „герой“ з ланцугом, скарыстаўшыся сытуацыяй, ускочыў з лаўкі і пачаў наносіць удары па галаве. Спроба расправы скончылася няўдала для маладога чалавека. Афіцэр дастаў службовы траўматычны пісталет і, папярэдзіўшы аб яго прымяненьні, стрэліў», — сьцьвярджаецца ў тэксьце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG