Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: У менскім ЖК «Каскад» адбылася страляніна, магчыма з удзелам былога кіраўніка ГУБАЗіК, пацярпеў падлетак

абноўлена

Менскі жыльлёвы комплекс «Каскад» у 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Менскі жыльлёвы комплекс «Каскад» у 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Жыхары жыльлёвага комплексу «Каскад» у Менску расказалі «Нашай Ніве», што пазаўчора — удзень 21 чэрвеня — былі сьведкамі бойкі са стралянінай у сваім двары. У выніку пацярпеў падлетак.

«Быў вечаровы час, гадзіна 19-я. У двары тузалася кампанія. Не майстры спорту, я асабліва не глядзела. Потым пачуўся характэрны грукат, аднак таксама не асабліва зацікавіў. Але пасьля прыехала хуткая, вывалілі мэдыкі, атачылі падлетка на зямлі — сталі апрацоўваць нагу аднаму з удзельнікаў тузаніны. Я б сказала, што з выгляду яму было гадоў 16. Апрацоўвалі яму верхнюю частку нагі», — расказала выданьню сьведка падзей.

Па яе словах, потым прыехала міліцыя і забрала малалетніх удзельнікаў здарэньня. Аднак таго, хто страляў, не забралі — ён нейкі час яшчэ хадзіў па раёне.

«Можа, шукаў іншых удзельнікаў. Бо, як стала зразумела ў далейшым (але гэта могуць быць і чуткі), тузаніна была паміж падлеткамі і супрацоўнікам нейкага сілавога ведамства, які ў выніку стрэліў з траўматычнага пісталета ў нагу гэтаму пацану», — паведамілі сьведкі «Нашай Ніве».

Неўзабаве ў чаце комплексу зьявілася інфармацыя пра тое, што да гэтага здарэньня можа мець дачыненьне былы кіраўнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын, які цяпер узначальвае Дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ГУБАЗіК. Паводле некаторых зьвестак, ён жыве ў гэтым комплексе.

У чаце сьцьвярджаецца, што ён вырашыў «пры дапамозе кулакоў павучыць жыцьцю групу маладых суграмадзян, якія разьмясьціліся каля пад'езда». Тыя пачалі яму пярэчыць, і мужчына нават «паляцеў у накдаўн». Не знайшоўшы іншых варыянтаў, ён ужыў зброю, цытуе zerkalo чат.

Падобную вэрсію расказвае і тэлеграм-канал «Позірк»

У Дэпартамэнце забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС заявілі сайту zerkalo, што Андрэй Паршын у адпачынку. Сам інцыдэнт там не пракамэнтавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG