Украінская выведка: Расея пры неабходнасьці можа вярнуць свае войскі ў Беларусь цягам 2–3 тыдняў

Перавозка танкаў па беларускай чыгунцы. Ілюстрацыйнае фота
Перавозка танкаў па беларускай чыгунцы. Ілюстрацыйнае фота

Выведка лічыць, што многае залежыць ад таго, як будуць разьвівацца баі ў паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах Украіны.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што расейскія войскі маюць навыкі хуткага перамяшчэньня вайсковай тэхнікі і асабовага складу, таму пры неабходнасьці Расея можа перакінуць свае войскі ў Беларусь цягам 2–3 тыдняў.

«Мы ведаем, што яны могуць вярнуцца ў Беларусь праз два-тры тыдні, калі спатрэбіцца», — сказаў Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію брытанскаму выданьню The Guardian.

Прадстаўнік украінскай выведкі нагадаў, што пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей яны праз два тыдні зьявіліся на ўкраінскім Данбасе. Паводле яго, Расея добра адпрацавала навыкі хуткага перакіданьня сіл пры неабходнасьці напярэдадні вайны.

Вадзім Скібіцкі зьвярнуў увагу на тое, што цяпер Расея фармуе ў кожнай вайсковай акрузе стралковыя батальёны рэзэрвістаў, а таксама трэці армейскі корпус у Заходняй вайсковай акрузе. Паводле яго, невядома, у якім кірунку Расея будзе выкарыстоўваць новыя сілы, але гэта будзе залежаць ад таго, як будуць разьвівацца баі ў паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах Украіны.

​
XS
SM
MD
LG