Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцішніку прысудзілі 2 гады калёніі за перадачу ў СМІ фота расейскай вайсковай тэхнікі ў Гомлі


Андрэй Уткін
Андрэй Уткін

Судзьдзя Гомельскага абласнога суду Руслан Царук прызнаў 30-гадовага IT-спэцыяліста Андрэя Уткіна вінаватым у «Садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Палітзьняволенага Андрэя Уткіна затрымалі 31 сакавіка і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 3 Гомля.

1 жніўня Андрэя Уткіна пакаралі 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што ён сфатаграфаваў калёну расейскай вайсковай тэхнікі, а менавіта вайсковыя «КамАЗы» зь літарай V, і адправіў фота ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

У першы дзень судовага пасяджэньня, 26 ліпеня, судзьдзя Царук запытаў Уткіна, чаму той адправіў фатаздымак менавіта ў «Беларускі Гаюн», а не ў «СБ. Беларусь сегодня» ці АНТ, паведамляюць праваабаронцы.

«Калі ехаў па горадзе, зьдзівіўся, убачыўшы „Камаз“ зь літарай V побач з плошчай Леніна. Таму вырашыў зрабіць фота і адправіць яго ў тэлеграм-канал. Прыкладна праз два тыдні я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК у сябе дома. Я быў моцна шакаваны, ня ведаў, што за фатаграфію прадугледжаная крымінальная адказнасьць», — тлумачыў ён у «пакаяльным» відэа.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Андрэя Уткіна вінаватым і пакараць пазбаўленьнем волі тэрмінам на два гады ў калёніі агульнага рэжыму.

Сёньня суд пастанавіў прызнаць Уткіна вінаватым і прысудзіў яму пазбаўленьне волі ў калёніі агульнага рэжыму на два гады, як прасіла абвінавачаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG