Віцэ-прэм’ер Леанід Заяц: «Праз санкцыі цяжка абслужыць камбайны. Але мы сталі выпускаць свае запчасткі»

Камбайн, ілюстрацыйнае фота
Камбайн, ілюстрацыйнае фота

Сёньня Беларусь не закупляе замежную сельскагаспадарчую тэхніку, усе неабходныя машыны выпускае айчынная прамысловасьць, заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» намесьнік прэм’ер-міністра Леанід Заяц, які адказвае за аграрныя пытаньні.

Паводле Леаніда Зайца, у 1991 годзе ў краіне выпускалі «ўсяго толькі 13% ад неабходнага аб’ёму сельскагаспадарчай тэхнікі», а сёньня «прадпрыемствы машынабудаваньня забясьпечваюць цалкам тую лінейку тэхнікі, якая прымяняецца».

«На ўзбраеньні стаіць прыкладна 15% збожжаўборачных камбайнаў, 20% стаіць кормаўборачных камбайнаў імпартнай вытворчасьці. Усё астатняе — наша, айчыннае. І мушу сказаць, што айчынная тэхніка сябе апраўдала. І па кошце — яна ў тры разы сёньня таньней, чым імпартны камбайн».

Асобна Заяц спыніўся і на санкцыях, якія прымяняюцца да Рэспублікі Беларусь.

«Сёньня ў сувязі з гэтымі, будзем казаць, санкцыямі, якія маюць месца быць ад заходніх краін, дастаткова праблематычна і запчасткі купіць, і абслужыць камбайны. Таму мы на нашых спэцыялізаваных прадпрыемствах ужо выпускаем больш за 600 найменьняў запасных частак да гэтай тэхнікі, якая па імпарце была завезена ў нашу краіну», — дадаў ён.

Паводле слоў Зайца, «калі б на сёньня эксплюатавалі толькі імпартную тэхніку, мы б свой хлеб ня ўбралі, таму што няма сёньня такога забесьпячэньня запаснымі часткамі з боку Захаду, як гэта было раней».

«Таму вельмі правільна зроблена выснова, правільнымі былі тактычныя і стратэгічныя дзеяньні дзяржавы на тое, каб разьвіваць айчыннае машынабудаваньне», — канстатаваў віцэ-прэм’ер.

За апошнія некалькі гадоў дзяржавы Захаду ўвялі ў дачыненьні Беларусі мноства абмежавальных мер — за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэньне пратэстаў, якія пачаліся пасьля іх, прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску 18 траўня 2021 году, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі Эўразьвязу, дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

​
XS
SM
MD
LG