Пра супраціў унутры дыктатарскай краіны і пра спробы замаху на дыктатараў пагаварылі з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай у Бэрліне ў дні, калі там на дзяржаўным узроўні ўшаноўвалі памяць пакараных нацыстамі ўдзельнікаў змовы супраць Гітлера.
Сьвятлана Ціханоўская нядаўна наведала з трохдзённым візытам Бэрлін на запрашэньне Фэдэральнага ўраду Нямеччыны. Цэнтральнай часткай візыту стала прамова Ціханоўскай на цырымоніі з нагоды гадавіны замаху на Адольфа Гітлера. 20 ліпеня 1944 году ў стаўцы Гітлера «Ваўчынае логава» ва Ўсходняй Прусіі раздаўся выбух — гэта была спроба забіць фюрэра і спыніць распачатую ім вайну.
З нагоды гэтай даты і сымбалічнага выступу Ціханоўскай на цырымоніі Свабода паразмаўляла з палітыкам пра тое, якім можа быць супраціў унутры таталітарнай краіны і што вырашаюць у гісторыі ўдалыя і няўдалыя замахі на дыктатара.
«Замахі ў гісторыі рабіліся ад безвыходнасьці»
«І замахі ўдалыя, і няўдалыя могуць зьмяніць гісторыю, — лічыць Сьвятлана Ціханоўская. — Удалыя — могуць перабудаваць лад краіны, людзі будуць разумець, чаму гэта было зроблена. У Беларусі мы б не хацелі нейкіх ахвяр, забойстваў, замахаў. Мы б хацелі, каб усё было паводле закону, каб усе тыя, хто здрадзіў Радзіме, хто парушаў закон, хто адсылаў людзей у турмы на вялікія тэрміны, былі пакараныя па законе. Але ж я думаю, што такія замахі ў гісторыі рабіліся ад безвыходнасьці, бо не было ніякіх іншых мэтадаў, каб нешта зьмяніць».
«Важна паказваць салідарнасьць з тымі, хто ідзе на рызыкі, каб дапамагчы сваёй краіне»
Паводле дэмакратычнай лідэркі Беларусі, супраціў унутры таталітарнай краіны можа быць розны, і не канечне гвалтоўны.
«Кожны, хто выходзіў у 2020 годзе, тыя, хто цяпер працягвае барацьбу, — рэйкавыя партызаны, нашыя героі, якія зараз ваююць на баку Ўкраіны, — канечне, яны павінны быць ушанаваныя. І ня ўсе справы робяцца гучна».
Паводле Ціханоўскай, «малыя дзеяньні граюць вялікую ролю» ў барацьбе з рэжымам.
«Напрыклад, калі настаўнік у школе расказвае праўду пра нашу краіну, пра 2020 год і вайну, — гэта таксама гераізм. Мастак, які малюе рэвалюцыю, калі пішуцца вершы, рабочы, які на працы сваім калегам адкрывае вочы на вайну і іншыя падзеі, — гэта таксама маленькія акты гераізму, асабліва ў цяперашніх умовах. І ўсе героі павінны быць ушанаваныя», — сказала Ціханоўская.
Яна заклікала беларусаў быць салідарнымі паміж сабой:
«Зараз важна паказваць салідарнасьць з тымі, хто ахвяруе, ідзе на рызыкі, каб дапамагчы сваёй краіне», — сказала Ціханоўская.