Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга вырашыць пытаньне Ўкраіны, а Беларусь аддаць на разарваньне Расеі», — Ціханоўская ў Бэрліне


Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Бэрліне
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Бэрліне

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская завяршае трохдзённы візыт у Бэрлін на запрашэньне Фэдэральнага ўраду Нямеччыны.Цэнтральнай часткай візыту стала яе прамова на цырымоніі з нагоды гадавіны замаху на Гітлера.

Нямецкі бізнэс не для праўладных кампаній

Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадцы Франак Вячорка і Карым Пэтэрсан. Бэрлін, 20 ліпеня.
Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадцы Франак Вячорка і Карым Пэтэрсан. Бэрлін, 20 ліпеня.

Ціханоўская і яе каманда сустрэліся з кіраўнікамі бізнэс-асацыяцыі Нямеччыны (Bundesverband der Deutschen Industrie), якая аб’ядноўвае каля 100 тысяч буйных кампаній. Паводле старшага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, на сустрэчы ішла гаворка пра тое, што трэба адрозьніваць супрацу зь дзяржаўнымі і прыватнымі кампаніямі Беларусі.

Ціханоўская і Маціас Крэмэр (Федэральная асацыяцыя нямецкай прамысловасьці)
Ціханоўская і Маціас Крэмэр (Федэральная асацыяцыя нямецкай прамысловасьці)

— Супрацу зь беларускімі кампаніямі, зьвязанымі з рэжымам, трэба прыпыніць, замарозіць, але пры гэтым увесь беларускі прыватны бізнэс, сярэднія і маленькія кампаніі павінны мець магчымасьць супрацы зь нямецкім бізнэсам, атрымліваць доступ да фінансаваньня і разьвіваць гандлёвыя праекты. Мы запрасілі іх паўдзельнічаць у Міжнародным бізнэс-форуме, які адбудзецца ў Варшаве 20 верасьня, гаварылі пра магчымасьць правядзеньня выставы беларускага бізнэсу ў Нямеччыне. Нам сказалі, што цяпер адбываецца зьмена стратэгіі. З Расеяй яны ўвогуле прыпыняць супрацу, а зь Беларусьсю мусіць быць інакш, бо беларусы не павінны несьці адказнасьць за злачынствы рэжыму і Лукашэнкі.

Ціханоўская і прадстаўнікі Федэральнай асацыяцыі нямецкай прамысловасьці
Ціханоўская і прадстаўнікі Федэральнай асацыяцыі нямецкай прамысловасьці

Дэмакратычная лідэрка Беларусі і яе каманда таксама сустракаецца зь кіраўніком адміністрацыі канцлера Вольфгангам Шмітам, зь намесьнікам старшыні Парлямэнцкай фракцыі Ёганам Вадэфулем (ХДС/ХСС) і іншымі лідэрамі палітычных груп у Бундэстагу.

«Беларусь — гэта частка праблемы»

На сустрэчы з амбасадаркай ЗША ў Нямеччыне Эмі Гутман Сьвятлана Ціханоўская заклікала «ніколі не забываць пра Беларусь, калі ідзе гаворка пра наш рэгіён».

— Мы бачым тэндэнцыю, што пэрыядычна забываюць згадваць Беларусь, а Беларусь — гэта частка праблемы. А праблему трэба вырашаць у комплексе, нельга вырашыць пытаньне Ўкраіны, а Беларусь аддаць на разарваньне Расеі. Гаварылі пра тое, што наша незалежнасьць пад пагрозай. І ў ЗША павінны быць пэўная і дакладная пазыцыя, што ніхто ня мае права падпісваць ніякіх дакумэнтаў, бо гэта супраць волі беларускага народу. Я расказала пра тое, як беларусы падтрымліваюць Украіну ў вайне. Фокус зьмяшчаецца на Ўкраіну, і нам трэба ўвесь час прыцягваць увагу на сябе.

У пасольстве Вялікай Брытаніі Ціханоўская дае брыфінг аб сытуацыі ў Беларусі паслам шэрагу краінаў, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь.

Сьвятлана Ціханосўкая наведала мэмарыял ахвярам Галакосту ў Бэрліне
Сьвятлана Ціханосўкая наведала мэмарыял ахвярам Галакосту ў Бэрліне

Гэта шосты візыт у Нямеччыну дэмакратычнай лідэркі Беларусі.

У 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з тагачаснай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, у 2021 годзе па тэлефоне яны абмяркоўвалі мігранцкі крызіс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG