Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Бэрліне выступіць з галоўнай прамовай на цырымоніі з нагоды гадавіны замаху на Гітлера


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 19 ліпеня пачала трохдзённы візыт у Бэрлін на запрашэньне Фэдэральнага ўраду Нямеччыны.

Нагодай для візыту стала цырымонія, прысьвечаная 78-й гадавiне замаху на Гітлера, якая праводзіцца ў Нямеччыне на самым высокім узроўні. Ціханоўскую запрасілі выступіць з галоўнай прамовай. У цырымоніі бяруць удзел прэзыдэнты Канстытуцыйнага суду Нямеччыны, Бундэстагу, міністар абароны, дыпляматычны корпус.

У 1944 годзе 20 ліпеня ў стаўцы Гітлера ва Ўсходняй Прусіі адбыўся замах на Гітлера як вынік змовы супраць яго і ягоных памагатых. І запрашэньне Ціханоўскай выглядае сымбалічна ў кантэксьце тэмы супраціву ўнутры дыктатарскай краіны.

Удзельнікі змовы 1944 году — група афіцэраў і генэралаў вэрмахту, якія былі перакананыя, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы. Іх мэтай было фізычна зьнішчыць Гітлера, пасьля чаго спыніць вайну, хутка заключыць мірную дамову і такім чынам уратаваць Нямеччыну ад канчатковага разгрому. Галоўная фігура змовы — палкоўнік вэрмахту Кляўс Штаўфэнбэрг. У сёньняшняй дэмакратычнай Нямеччыне Кляўс Штаўфэнбэрг і іншыя ўдзельнікі змовы супраць Гітлера лічацца нацыянальнымі героямі, якія аддалі жыцьці дзеля свабоды сваёй Радзімы.

Сёньня Сьвятлана Ціханоўская наведае Мэмарыяльны цэнтар супраціву Нямеччыны, дзе для яе правядзе экскурсію нямецкі палітоляг, кіраўнік музэю Мэмарыяльнага цэнтру супраціву Яганэс Тухэль. Пасьля адбудзецца сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з дыяспарай.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі і яе каманда будуць мець цягам трох дзён шэраг сустрэч. Ціханоўская наведае дзяржаўную канцылярыю, сустрэнецца зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Робэртам Габэкам (Оляф Шольц у гэтыя дні не ў Бэрліне), кіраўніком адміністрацыі канцлера Вольфгангам Шмітам, зь намесьнікам старшыні Парлямэнцкай фракцыі Ёганам Вадэфулем (ХДС/ХСС) і іншымі лідэрамі палітычных груп у Бундэстагу.

У пасольстве Вялікабрытаніі Ціханоўская дасьць брыфінг па сытуацыі ў Беларусі паслам шэрагу краінаў, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь. Сярод іншых цікавасьць паўдзельнічаць у брыфінгу выказалі паслы Чылі, Калюмбіі, Аўстраліі.

У 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з тагачаснай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, у 2021 годзе па тэлефоне яны абмяркоўвалі мігранцкі крызіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG