Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 ліпеня: затрымалі лідэраў АГП Казлова і Аляксееву, яшчэ некалькі актывістаў не выходзяць на сувязь


Старшыня АГП Мікалай Казлоў
Старшыня АГП Мікалай Казлоў

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Сілавікі затрымалі лідэра АГП

Затрымалі старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Пра гэта паведаміў экс- старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле яго, сілавікі прыйшлі і да іншых сяброў партыі.

«Наступ на апошнюю арганізаваную выспу супраціву пачаты. Гэта вайна», — напісаў Лябедзька.

На момант затрыманьня Казлоў знаходзіўся ў Нясьвіжы. Як паведаміла намесьніца старшыні АГП Ганна Красуліна, сілавікі затрымалі ня толькі Мікалая Казлова, але і Аксану Аляксееву (лідэрку менскай арганізацыі АГП). Яшчэ некалькі чалавек не выходзяць на сувязь.

«Вясна» паведамляе, што да Аляксеевай прыйшлі а сёмай раніцы, каля яе дома стаялі мікрааўтобус і хуткая дапамога.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў сёлета адбыў трохмесячны арышт у Баранавічах за апублічваньне матэрыялаў крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады. Увесь тэрмін Казлоў правёў у адзіночцы.

Магілёўцу, унесенаму ў «тэрарыстычны сьпіс КДБ», далі 3 гады калёніі

Суд Магілёўскай вобласьці 25 ліпеня абвясьціў прысуд мясцоваму жыхару, архітэктару Аляксею Парэцкаму. Cудзьдзя Алена Картавенка прызнала 40-гадовага мужчыну вінаватым у паклёпе ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК РБ), а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК РБ). Прычынай для крымінальнага перасьледу сталі апублікаваныя Парэцкім паведамленьні ў інтэрнэце. Агулам мужчыну прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе MAYDAY.TEAM.

Сам Парэцкі да суда знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і ўжо ў залі суда яго заключылі пад варту. У красавіку ён правёў 17 дзён на псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызе ў Навінках, але лекары прызналі, што ён пры сьвядомасьці. Вядома, што ў мужчыны ёсьць 3-я група інваліднасьці.

13 чэрвеня КДБ па невядомых прычынах уключыў Аляксея Парэцкага ў сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да «тэрарыстычнай дзейнасьці».

Аляксей — архітэктар, адукацыю атрымаў у Маскоўскім архітэктурным інстытуце. Гэтак жа скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя М. В. Ламаносава, факультэт гісторыі Ўсходняй Эўропы. Быў удзельнікам рэаліці-шоў «Бітва Дызайнэраў» на канале ТНТ.

У Гомлі жанчыну затрымалі на працоўным месцы

Меркаванай прычынай затрыманьня Алены Кравец сталі падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, паведамляе «Вясна».

Учора аб 11 гадзіне міліцыянты забралі Алену з працоўнага месца і адвезьлі ў РАУС Савецкага раёну. Далейшы лёс жанчыны невядомы, а ў РАУС адказалі, што ў ІЧУ яе адвязуць толькі раніцай 27 ліпеня. Дакладныя прычыны затрыманьня таксама невядомыя.

Алену Кравец затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту.

У Горадні затрымалі ўладальніка гатэлю для жывёлаў Паўла Сьвірбутовіча

У «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, 38-гадовы Павал Сьвірбутовіч «прызнаецца» ў тым, што нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, матэрыялы, якія абражаюць Лукашэнку, і зрабіў рэпост запісу, у якім былі пэрсанальныя зьвесткі больш за 100 міліцыянтаў.

За фота з калёнай расейскай вайсковай тэхнікі судзяць гомельскага айцішніка: пракурор просіць два гады калёніі

Гомельскі абласны суд разглядае крымінальную справу 30-гадовага IT-спэцыяліста Андрэя Уткіна, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачваюць у перадачы фота перамяшчэньня расейскай тэхнікі Тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Справу разглядае судзьдзя Руслан Царук.

На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што мужчына сфатаграфаваў калёну расейскай вайсковай тэхнікі, а менавіта — вайсковыя КАМАЗы зь літарай V, і адправіў фота ў телеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Вядома, што пракурор запрасіў суд прызнаць Уткіна вінаватым і пакараць айцішніка пазбаўленьнем волі тэрмінам на два гады ў калёніі агульнага рэжыму.

Баранавіцкага палітвязьня Міхаіла Добыша пераводзяць з «хіміі» ў калёнію

У судзе Круглянскага раёну 25 ліпеня адбыўся суд над жыхаром Баранавіч Міхаілам Добышам па замене «хіміі» на калёнію, паведамляюць праваабаронцы. Судзьдзя Дзьмітры Сасноўскі пастанавіў перавесьці Міхаіла ў калёнію тэрмінам на 10 месяцаў. У ПУАТ № 46 палітвязень утрымліваўся з 12 чэрвеня 2021 году.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што 17 верасьня 2020 году ў памяшканьні прадуктовай крамы ў мэтах перашкоды законнай дзейнасьці і з помсты за выкананьне службовай дзейнасьці маёра міліцыі Міцуры ён зьдзейсьніў пагрозу прымяненьня гвалту (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). У выніку Міхаілу прызначылі 3 гады «хіміі».

Добыш — адзін з «хімікаў», якіх 15 лютага дапытвалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязьняў, асуджаных на «хімію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG