Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўдару па порце Адэсы Расею абвінавацілі ў падрыве дамовы па збожжы


Украіна абвінаваціла Расею ў спробе падарваць падпісаныя ў Стамбуле дамоўленасьці аб экспарце збожжа з чарнаморскіх партоў.

Заявы зробленыя пасьля ракетнага ўдару па тэрыторыі порта Адэсы, аб якім у суботу паведаміла ўкраінскае апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень».

Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка ў сувязі з атакай заявіў, што Расеі спатрэбілася менш за суткі, каб паставіць пад сумнеў дамоўленасьці і абяцаньні, якія яна дала ААН і Турэччыне ў падпісаным 22 ліпеня ў Стамбуле дакумэнце. «Расейская ракета – гэта плявок Уладзіміра Пуціна ў твар генэральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрашу і прэзыдэнту Турэччыны Рэджэпу Эрдагану, якія прыклалі вялікія намаганьні для дасягненьня пагадненьня, і якім Украіна ўдзячная», – напісаў Нікаленка ў фэйсбуку.

Прадстаўнік украінскага МЗС падкрэсьліў, што Кіеў зьвяртае ўвагу на неабходнасьць няўхільнага выкананьня дамоўленасьцей аб аднаўленьні бясьпечнага экспарту ўкраінскіх сельскагаспадарчых тавараў з трох чарнаморскіх партоў.

Паводле зьвестак камандаваньня «Поўдзень», у суботу расейскае войска выкарыстала для ўдараў па Адэсе крылатыя ракеты тыпу «Калібр». «Дзьве ракеты забітыя сіламі супрацьпаветранай абароны, дзьве патрапілі ў аб'екты інфраструктуры порта», – гаворыцца ў паведамленьні. Аб выбухах і пажары на тэрыторыі марскога порта напісалі таксама мясцовыя Telegram-каналы. Народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка паведаміў аб паветраным баі ў небе над горадам. Раней у Адэсе абвяшчалі трывогу, адзначае «Нямецкая хваля».

Прэс-сакратар камандаваньня Паветраных сіл УСУ Юры Ігнат, камэнтуючы суботні ўдар, адзначыў, што ён «быў нанесены менавіта там, дзе збожжа». Аднак начальніца прэс-цэнтру Cіл абароны Поўдня Натальля Гумянюк абвергла, што ракеты патрапілі менавіта ў сховішча збожжа ў Адэскім марскім гандлёвым порце.

Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш рашуча асудзіў сёньняшнія напады на ўкраінскі порт Адэса. «Учора ўсе бакі ўзялі на сусьветнай арэне дакладныя абавязацельствы па гарантаваньні бясьпечнага руху ўкраінскага збожжа і спадарожных тавараў на сусьветныя рынкі», – нагадвае намесьнік прэс-сакратара генсека ААН.

Рэакцыя кіраўніцтва Расеі на зьвесткі аб ударах па порце Адэсы і заявы ўкраінскага боку пакуль не прыводзіцца.

  • 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты – ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцей.
  • Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны быць разблякаваныя тры ўкраінскія порты: Адэса, Чарнаморск і Паўднёвы. Расея блякавала іх з пачатку вайны 24 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG