«Мы як маленькая арганізацыя ганарымся, што нашыя высілкі былі заўважаныя. Відаць, яны былі карысныя, штосьці перашкаджала жыць гэтаму рэжыму. Мы першая брытанская арганізацыя, якая трапіла ў гэты сьпіс», — пракамэнтаваў прадстаўнік Згуртаваньня беларускіх прафэсіяналаў Брытаніі, які пажадаў застацца ананімным.
Згуртаваньне беларускіх прафэсіяналаў Брытаніі (Professional Union of Belarusians in Britain, або скарочана PUBB) існуе з 2009 году. Гэта нефармальная арганізацыя беларусаў, якія жывуць і працуюць у Лёндане. Празь яе прайшлі сотні чалавек.
PUBB стварылі, каб спрыяць асабістым, сацыяльным і дзелавым сувязям паміж беларускімі спэцыялістамі, якія працуюць у Вялікай Брытаніі, і іх сувязям зь Беларусьсю; стварыць спрыяльнае асяродзьдзе, дзе беларусы Брытаніі могуць гаварыць па-беларуску. У згуртаваньні штоквартальна праводзяць сустрэчы, грамадзкія мерапрыемствы. У 2020 годзе яно падтрымала беларускі дэмакратычны рух. З пачатку вайны ва Ўкраіне згуртаваньне падтрымлівае ўкраінцаў і беларусаў, якія абараняюць Украіну, зьбірае данаты, гуманітарную дапамогу.
«Даволі іранічна, што такое магутнае і прэстыжнае найменьне грамадзянскай брытанскай арганізацыі паходзіць ад нелегітымнай хунты ў Менску, якая тэрарызуе і жорстка абыходзіцца са сваім народам, захоплівае цывільныя самалёты, перапраўляе людзей празь межы і аказвае поўную падтрымку незаконным і жорсткім расправам Расеі з нашымі ўкраінскімі братамі і сёстрамі. Сапраўды, мы жывем у час, калі „гаршчок кліча чайнік чорным“!», — кажа прадстаўнік згуртаваньня.