Амбасада ЗША пра ліквідацыю незалежных прафсаюзаў: рэжым Лукашэнкі разумее, што цяжкі стан эканомікі можа выклікаць пратэсты працоўных

Сьцяг ЗША
Сьцяг ЗША

Рашэньне Вярхоўнага суду аб ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзных арганізацый зьяўляецца «чарговым наступам на свабоду беларусаў, спробай здушыць грамадзянскую супольнасьць і абараніць рэжым, напалоханы сілай уласных грамадзян», — гаворыцца ў заяве пасольства Злучаных Штатаў Амэрыкі.

«Крокі ў роспуску незалежных прафсаюзаў пазбавяць прыкладна 10 000 беларускіх рабочых якой-небудзь дзейснай магчымасьці абараніць сябе або свае сем’і ад дыктатарскага рэжыму. Такія дзеяньні замацоўваюць сыстэму, у якой законы цынічна выкарыстоўваюцца для абароны ўлады нямногіх замест абароны правоў усяго беларускага народу.

На працягу двух дзесяцігодзьдзяў ААН і міжнародныя арганізацыі працы асуджалі парушэньні правоў працоўных у Беларусі, гэтыя арганізацыі часта называлі Беларусь адным з найгоршых парушальнікаў правоў працоўных у сьвеце», — адзначылі ў амэрыканскім дыпляматычным прадстаўніцтве.

Таксама ў амбасадзе лічаць, што апошнія рашэньні ня толькі пагаршаюць становішча працоўных беларусаў, але і цалкам выкрываюць «фікцыю аб тым, што рэжым мае іншыя мэты, акрамя абароны сваіх уласных эгаістычных інтарэсаў за кошт народу Беларусі».

«Гэтыя дзеяньні паказваюць, што рэжым разумее, што цяжкі стан эканомікі ва ўмовах міжнародных санкцый можа выклікаць значную незадаволенасьць сярод рабочай клясы», — гаворыцца ў заяве.

Амэрыканскія дыпляматы падкрэсьлілі, што, «зьнішчаючы незалежны рабочы рух, рэжым Лукашэнкі працягвае зьнішчаць беларускую грамадзянскую супольнасьць».

​
XS
SM
MD
LG