Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калектыў разбамбаванага расейцамі Марыюпальскага тэатру аднавіў дзейнасьць у Ужгарадзе. ФОТА


Сцэна са спэктаклю «Крык нацыі», Ужгарад, 16 ліпеня 2022
Сцэна са спэктаклю «Крык нацыі», Ужгарад, 16 ліпеня 2022

Першым прадстаўленьнем тэатру, пасьля чатырохмесячнага перапынку, стаў спэктакль «Крык нацыі», паведамляе Данецкая абласная адміністрацыя.

Найстарэйшы тэатральны калектыў Данеччыны разьмясьціўся ў сьценах Закарпацкага абласнога музычна-драматычнага тэатру Ужгараду. Большай частцы трупы ўдалося выбрацца з акупаванага гораду, сабрацца ў Ужгарадзе і аднавіць дзейнасьць тэатру.

Новая пастаноўка «Крык нацыі» расказвае гісторыю жыцьця ўкраінскага паэта-шасьцідзясятніка Васіля Стуса.

На спэктаклі драмтэатру Марыюпалю, які аднавіў сваю дзейнасьць у Ужгарадзе
На спэктаклі драмтэатру Марыюпалю, які аднавіў сваю дзейнасьць у Ужгарадзе

Дата прэм’еры — 16 ліпеня ­­— была выбрана невыпадкова.

«Роўна чатыры месяцы таму, дзень у дзень, усе мы перажылі вялікі шок: расейцы зьнішчылі наш тэатар у Марыюпалі авіябомбай, пахаваўшы пад абломкамі сотні нявінных людзей, — адзначыў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка. — Дзень 16 сакавіка назаўжды застанецца адной з самых чорных старонак у гісторыі нашай вобласьці і краіны. Затое дзень 16 ліпеня адкрывае ў ёй новыя старонкі.

У пастаноўцы ўдзельнічала ўся трупа. Рэжысэрам спэктакля выступіла Людміла Каласовіч. Над мастацкай часткай працавала Эма Зайцава, рэжысэр па плястыцы — Натальля Каспшышак-Сеніў (ЗША).

Сцэна са спэктакля драмтэатру Марыюпалю, які аднавіў сваю дзейнасьць у Ужгарадзе, 16 ліпеня 2022
Сцэна са спэктакля драмтэатру Марыюпалю, які аднавіў сваю дзейнасьць у Ужгарадзе, 16 ліпеня 2022

16 сакавіка расейская авіяцыя скінула бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі, які быў бамбасховішчам для сотняў людзей. У выніку авіяналёту каля 300 мірных грамадзян загінулі, 130 чалавек удалося ўратаваць. Дакладная колькасьць памерлых да сёньня невядомая.

Марыюпаль быў узяты ў аблогу расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні трымалі абарону гораду на Азоўскім моры да 20 траўня, калі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» вывезьлі апошніх абаронцаў Марыюпалю. Яны цяпер на падкантрольнай Расеі тэрыторыі і ня маюць сувязі са сваякамі.

У траўні Марыюпаль цалкам перайшоў пад кантроль Расеі.

Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка ў траўні заяўляў, што ў горадзе ад расейскіх абстрэлаў загінулі больш за 20 тысяч цывільных грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG