Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палку Каліноўскага заявілі, што фармуюць трэці батальён — «Літвін»


Шаўрон батальёна імя Кастуся Каліноўскага, зь якога вырас полк
Шаўрон батальёна імя Кастуся Каліноўскага, зь якога вырас полк

Пра гэта паведаміла 18 ліпеня афіцыйная прадстаўніца вайсковага фармаваньня Крысьціна «Чабор».

«Назваць дакладную колькасьць асабовага складу палка Каліноўскага мы ня можам у мэтах бясьпекі. Як мы ўжо казалі, у складзе палка Каліноўскага дзейнічаюць два баявыя батальёны — „Тэрор“ і „Волат“, фармуецца трэці батальён — „Літвін“», — паведаміла афіцыйная прадстаўніца палку імя Кастуся Каліноўскага Крысьціна «Чабор».

Паводле яе, стварэньне новага батальёну абумоўлена «імклівым ростам палка і зьяўленьнем новых баявых задач.

Таксама «Чабор» паведаміла, што пасьля раскрыцьця інфармацыі пра страты палка «паступіла шмат запытаў пра нязгадваньне двух загінулых беларускіх добраахвотнікаў — Аляксея «Тура» Скоблі і Зьмітра «Ганса» Рубашэўскага.

«Імёны гэтых ваяроў у сьпісах асабовага складу палка імя Кастуся Каліноўскага не значыліся, — канстатавала прадстаўніца вайсковага фармаваньня. — Баявы шлях Аляксея і Зьмітра пачаўся яшчэ ў 2015 годзе ў падразьдзяленьнях добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу, а потым працягнуўся ўжо ў шэрагах Узброеных сіл Украіны(...)

Аляксей Скобля, старшы сяржант Сіл спэцыяльных апэрацый Украіны, загінуў 13 сакавіка пад Кіевам, прыкрываючы адыход сваёй групы. Зьміцер Рубашэўскі прыняў свой апошні бой 12 красавіка на Луганшчыне ў складзе 24-й мэханізаванай брыгады, пасьпеўшы зьнішчыць камандзіра расейскай тактычнай групы... Сыход гэтых беларускіх воінаў — вялікая страта і для Ўкраіны, і для нашай радзімы. Для беларусаў-добраахвотнікаў палку Каліноўскага „Тур“ і „Ганс“ назаўжды застануцца братамі па зброі, крыві і духу», — сказала «Чабор».

Раней прадстаўніца палку імя Кастуся Каліноўскага паведаміла, што з пачатку вайны ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана сьмерць трох байцоў палка — Ільлі «Літвіна» Хрэнава, Дзьмітрыя «Тэрора» Апанасовіча і Паўла «Волата» Суслава.

Канчаткова не пацьверджаная, але верагодная гібель Васіля «Сябро» Парфянкова, Васіля «Атама» Грудовіка, Вадзіма «Папіка» Шатрова і Івана «Брэста» Марчука.

Расейскія тэлеграм-каналы, якія публікуюць відэа палонных украінцаў і замежных легіянэраў, зьмясьцілі ролікі з паказаньнямі Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзягцёва.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага стварылі ў пачатку сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG