Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаў вядомы пераможца першага раўнду галасаваньня на пасаду прэм’ера Вялікай Брытаніі


Рышы Сунак
Рышы Сунак

На пасаду прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі і лідэра Кансэрватыўнай партыі прэтэндуюць шасьцёра кандыдатаў, паведамляе Sky News.

У сьпісе кандыдатаў пасьля першага раўнду галасаваньня — былы міністар фінансаў Рышы Сунак (88 галасоў), экс-кіраўнік Міністэрства абароны Пэні Мордант (67), міністарка замежных спраў Ліз Трас (50), экс-намесьніца міністра ў справах жанчын Кэмі Бэйднак (40), кіраўнік міжнароднага камітэту Палаты грамадаў Том Тугендгат (37), генпракурор Ангельшчыны і Ўэльсу Суэла Бравэрман (32).

Цяперашні міністар фінансаў Надгім Загаўі (18) і дэпутат Джэрэмі Гант (25) выбылі з гонкі, бо не набралі неабходных 30 галасоў.

Рышы Сунак нарадзіўся ў сям'і індыйцаў, якія прыехалі ў Вялікую Брытанію з Усходняй Афрыкі. У 2015 годзе ён стаў дэпутатам брытанскага парлямэнту, а ў 2019-м быў прызначаны міністрам фінансаў. Пятага ліпеня Сунак абвясьціў пра адстаўку, заявіўшы аб сваёй нязгодзе з кіраўніком кабінэта міністраў Борысам Джонсанам.

Пэні Мордант у 2019 годзе стала першай у гісторыі жанчынай на пасадзе міністра абароны Вялікай Брытаніі. Мордант да гэтага займала пасаду намесьніка міністра узброеных сіл ва ўрадзе Дэвіда Кемэрана.

Па дадзеных BBC, наступны раўнд галасаваньня адбудзецца 14 ліпеня, да канца наступнага тыдня ў фінал выйдуць усяго два кандыдаты, пасьля чаго каля 160 тысяч чальцоў Кансэрватыўнай партыі павінны будуць зрабіць паміж імі выбар. Канчатковыя вынікі выбараў новага лідэра Кансэрватыўнай партыі і імя новага прэмʼер-міністра краіны стануць вядомыя 5 верасьня.

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан абʼявіў аб сваёй адстаўцы 7 ліпеня пасьля таго, як больш за 50 чальцоў ягонага ўраду пакінулі пасады, выказваючы яму недавер. Джонсан будзе выконваць абавязкі кіраўніка партыі і ўраду, пакуль ня выберуць новага лідэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG