Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі памежнік перайшоў мяжу з Украінай, каб далучыцца да ўкраінскіх сіл абароны ад расейскай агрэсіі

абноўлена

Здымак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны зь беларускім памежнікам
Здымак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны зь беларускім памежнікам

Беларускі памежнік, які незаконна перасек беларуска-ўкраінскую мяжу ў Шацкім раёне Валынскай вобласьці, патлумачыў сваё парушэньне жаданьне далучыцца да ўкраінскіх сіл абароны ад расейскай агрэсіі.

«Мужчына таксама расказаў, што меў аднадумцаў у гэтым пытаньні і з адным зь іх вырашылі накіравацца ва Ўкраіну, але ў памежжы іх выявілі і са стральбой перасьледавалі, таму перасячы мяжу змог толькі ён адзін», — паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.

Цяпер праводзіцца праверка агучанай ім інфармацыі, і пасьля будзе прынята рашэньне аб ягоным далейшым лёсе.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў Свабодзе, што лёс аднадумца, які разам зь беларускім памежнікам накіроўваўся ва Ўкраіну, невядомы. «Але мы ведаем, што ён ня быў памежнікам», — удакладніў ён.

Андрэй Дземчанка таксама падкрэсьліў, што на час праверкі інфармацыі аб уцекачы-памежніку зь Беларусі ня можа паведаміць ягонае імя і месца, дзе той цяпер знаходзіцца.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны таксама дадаў, што грамадзянін Беларусі сапраўды сказаў, што служыць памежнікам у Берасьцейскай памежнай групе, але мяжу ён перасек без дакумэнтаў.

Інцыдэнт здарыўся 29 чэрвеня ў 13:20. Але вядома пра яго стала пасьля таго, як апублікавалі адпаведнае судовае рашэньне аб пакараньні беларускага памежніка арыштам на двое сутак. У судовым рашэньні адзначалася, што грамадзянін Беларусі, які служыць старшыной па матэрыяльным забесьпячэньні ў Берасьцейскай памежнай групе, перасек мяжу па-за пунктам пропуску на тэрыторыі Шацкай грамады Ковельскага раёну Валынскай вобласьці ў кірунку Дубок (Беларусь) — Хрыпск (Украіна). Яго затрымаў патруль украінскіх памежнікаў і склаў акт аб парушэньні паводле ч. 1 артыкула 204-1 Кодэксу Ўкраіны аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Што кажуць беларускія памежнікі

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 13 ліпеня заявіў, што не атрымліваў ад украінскага боку ніякай афіцыйнай інфармацыі аб затрыманьні беларускага грамадзяніна.У той жа час беларускія памежнікі нагадалі, што 29 чэрвеня паведамлялі аб выяўленьні на беларуска-ўкраінскай мяжы «двух невядомых, якія спрабавалі схавацца ў лясным масіве».

«У выніку мерапрыемстваў адзін парушальнік быў затрыманы, а другі, магчыма, незаконна перасек мяжу ва Ўкраіну», – паведамілі беларускія памежнікі.У той жа час беларускі бок працягвае сьцьвярджаць, што «ніводны беларускі памежнік мяжу ва Ўкраіну не перасякаў, усе вайскоўцы знаходзяцца на месцах нясеньня службы».

Асобна ў Дзяржаўным памежным камітэце падкрэсьлілі, што паколькі мужчыну затрымалі без дакумэнтаў, то «пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць словы аб беларускім грамадзянстве затрыманага з прычыны адсутнасьці дакумэнтаў немагчыма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG