11 ліпеня яна напісала на сваім сайце, што пасьля візыту ва Ўкраіну «з расчараваньнем даведалася, што, замест таго, каб прызнаць сваю армію і распачаць агульнанацыянальную падтрымку, Кіеў на чале з Андрэем Ермаком фактычна гуляе ў палітыку. Акрамя таго, Кіеў, падобна, мае грошы на рэканструкцыю другаснай інфраструктуры, але ня мае грошай на падтрымку вайскоўцаў, напрыклад на даўно абяцанае жыльлё для байцоў АТО».
«На жаль, спадар Ярмак замест таго, каб разьвеяць занепакоенасьць, якую я выказала на мінулым тыдні, распачаў супраць мяне паклёпніцкую кампанію. Многія амэрыканцы і эўрапейцы даўно адчуваюць сур’ёзныя асьцярогі з нагоды Ермака. Калі б ён быў дзяржаўным дзеячам, як чалавек з і без таго сумнеўнай рэпутацыяй, ён падаў бы ў адстаўку гэтай зімой пасьля таго, як запэўніў украінскае кіраўніцтва, што ніякага нападу з боку Расеі не адбудзецца, што зьнізіла гатоўнасьць Украіны. Аднак ніколі ня позна зрабіць правільныя рэчы», — адзначыла Вікторыя Спартц.
Яна заявіла, што выказала свае асьцярогі не «дзеля палітычнай выгады», і назвала адсутнасьць нагляду за зброяй, якая пастаўляецца Ўкраіне, «фактарам, які спрыяе затрымкам, у той час як належны нагляд і лягістыка толькі павялічаць хуткасьць і эфэктыўнасьць».
11 ліпеня журналісты выданьня «Українська правда» ў інтэрвію спыталі Спартц: «Чаго вы чакаеце ад Украіны — адстаўкі Ермака або зьмены працэдур?»
Яна адказала: «Праблема не ў Ермаку. У вашай краіны ёсьць праблемы, якія не вырашаюцца. І калі я пытаюся, чаму яны не вырашаюцца, нашы людзі мне адказваюць, што гэта празь Ермака. Таму гэта і паднялася. Праблема ў тым, што ваша краіна не рыхтуецца да вайны, ня робіць правільных рэчаў, і гэта мяне вельмі хвалюе».
8 ліпеня кангрэсвумэн Спартц апублікавала ліст прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну, у якім заклікала яго адміністрацыю праверыць надзейнасьць перамоваў з кіраўніком Офісу прэзыдэнта Зяленскага Андрэем Ермаком, піша ўкраінская служба Радыё Свабода. У прыватнасьці, яна зьвярнула ўвагу на тое, што Ярмак прызначыў сваім намесьнікам Алега Татарава, які, паводле яе, «больш за год зацягвае прызначэньне незалежнага антыкарупцыйнага пракурора».
У МЗС Украіны пракамэнтавалі гэты ліст. Як заявіў прэс-сакратар МЗС Алег Ніколенка, Украіна «глыбока ўдзячная» ЗША за падтрымку ў супрацьдзеяньні расейскай агрэсіі, але «на гэтым фоне шырокамаштабнай падтрымкі нядаўнія дзеяньні і заявы члена Кангрэсу ЗША Вікторыі Спартц вылучаюцца асаблівым кантрастам. Яны зьяўляюцца непрыхаванай спробай вярнуць у амэрыканскую палітыку клясычныя наратывы расейскай прапаганды пра нібыта сувязі кіраўніцтва Ўкраіны і Расеі і ўцягнуць нашу дзяржаву ва ўнутраную палітыку ЗША».
Пасьля гэтай заявы Спартц заклікала МЗС Украіны «не пераходзіць на асобы», успрымаць яе заявы сур’ёзна і пералічыла некаторыя сур’ёзныя, на яе думку, абвінавачаньні ў адрас Ермака. Офіс прэзыдэнта ніяк не рэагаваў на заявы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.