«Я падазраю, што вы пачуеце гэта ад шэрагу краін, якія тут прысутнічаюць, і варта разумець, што да Расеі цяпер няма і ня можа быць ранейшага стаўленьня, улічваючы яе агрэсію супраць Украіны», — цытуе словы прадстаўніка замежнапалітычнага ведамства, які суправаджае дзяржсакратара Энтані Блінкена на G20, «Голас Амэрыкі».
Сустрэча міністраў замежных спраў G20 у значнай ступені прысьвечаная намаганьням у пераадоленьню глябальнага крызісу ў сфэры харчовай бясьпекі.
«Падчас нашага старшынства ў Радзе Бясьпекі (ААН) мы заклікалі да дзеяньняў і стварылі „дарожную мапу“, якая вызначае магчымыя дзеяньні краін для вырашэньня крызісу харчовай бясьпекі, які сёньня назіраецца практычна ва ўсіх частках сьвету і ў значнай ступені ў выніку расейскай агрэсіі і наступстваў гэтага», — канстатаваў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
Голад у сьвеце
У справаздачы ААН аб харчовай бясьпецы і харчаваньні гаворыцца, што каля 2,3 мільярда людзей на плянэце сутыкнуліся зь нястачай харчоў у 2021 годзе, зь іх як мінімум 702 мільёны галадаюць, гэта значыць адчуваюць брак ежы на пастаяннай аснове.
Паводле справаздачы, ежы ў сьвеце пэрыядычна не хапае 31,9% жанчын і 27, 6% мужчын, пры гэтым з пачатку пандэміі COVID-19 разрыў паміж імі павялічыўся на адзін працэнтны пункт. Каля 45 мільёнаў дзяцей да пяці гадоў пакутуюць ад зьнясіленьня (сьмяротнай формы недаяданьня), гэта 6,7% усіх дзяцей на плянэце. Пры гэтым у 39 мільёнаў дзяцей таго ж узросту, ці 5,7%, зафіксавана атлусьценьне.
Больш за палову ўсіх, хто цярпіць ад голаду, жывуць у краінах Азіі, яшчэ каля траціны — у Афрыцы, астатняя частка прыпадае на краіны Лацінскай Амэрыкі і Карыбскага басэйна.
З пачатку пандэміі COVID-19 сытуацыя пагоршылася і працягвае пагаршацца з прычыны вайны ва Ўкраіне і зьмены клімату, робіць выснову ААН.
Расея і Ўкраіна — два найбуйнейшыя сусьветныя вытворцы збожжавых, алейных культур і ўгнаеньняў. Вайна парушыла міжнародныя ланцужкі паставак, прывяла да росту цэнаў на зерне, угнаеньні і энэрганосьбіты, у выніку чаго вырасьлі цэны і на лячэбнае харчаваньне для дзяцей са зьнясіленьнем. Акрамя таго, асабліва ў краінах зь нізкім узроўнем даходу, на ланцужкі паставак уплываюць экстрэмальныя прыродныя зьявы, выкліканыя зьменай клімату.
Усе гэтыя фактары пагражаюць харчовай бясьпецы на Зямлі. Аўтары дакладу прагназуюць, што да 2030 году, нават з улікам аднаўленьня сусьветнай эканомікі, у сьвеце па-ранейшаму будзе галадаць 8% людзей. Гэтая лічба супастаўная са зьвесткамі за 2015 год, калі прымалася праграма ААН па барацьбе з голадам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.