Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка: пад Менскам пачалі будаваць ангары пад расейскія «Іскандэры», былых беларускіх вайскоўцаў вярбуюць у ПВК «Ліга»

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр». Архіўнае фота
Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр». Архіўнае фота

У Генштабе Ўкраіны сьцьвярджаюць, што ў Беларусі рыхтуюць тэрыторыю для стварэньня расейскай ракетнай базы.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што з тэрыторыі Беларусі застаюцца пагрозы выкарыстаньня яе тэрыторыі і паветранай прасторы, і для гэтага вядзецца падрыхтоўка.

«У рамках анансаванай перадачы Расеяй апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу „Іскандэр“ Узброеным сілам Беларусі праводзіцца падрыхтоўка да прыёму гэтага ўзбраеньня. Так, у пункце сталай дысьлякацыі 465-й ракетнай брыгады, за 60 км на паўднёвы ўсход ад Менску, пачалі будаўніцтва ангараў для гэтых комплексаў», — заявіў Аляксей Громаў 7 ліпеня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, беларускія вайскоўцы ў бліжэйшы месяц будуць праходзіць навучаньне ў Вайскова-касьмічнай акадэміі Расеі.

Апрача таго, украінскія выведнікі заўважылі і іншую актыўнасьць расейскіх войскаў у Беларусі, якая нясе пагрозу Ўкраіне.

«Пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэту бясьпекі Рэспублікі Беларусь у краіне праводзіцца вэрбаваньне колішніх вайскоўцаў, найперш сярод спэцпрызначэньня і лётнага складу, для падпісаньня кантрактаў з прыватнай вайсковай кампаніяй „Ліга“ (былая ПВК „Вагнэр“. — РС) для магчымага далучэньня да вайсковай апэрацыі ва Ўкраіне», — дадаў ён.

Аляксей Громаў таксама паведаміў, што супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі і іншых сілавых структур Расеі праводзяць тлумачальную працу сярод вайскоўцаў Беларусі аб неабходнасьці іх удзелу ў вайне з Украінай.

«Цяпер такая праца праводзіцца ў выглядзе так званых палітзаняткаў у асобных падразьдзяленьнях, найперш — спэцыяльнага прызначэньня і дэсантна-штурмавых войскаў», — удакладніў ён.

Інфармацыі наконт гэтага з боку вайсковых ведамстваў Беларусі і Расеі няма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG